10 стагоддзяў гісторыі Мінска за адзін дзень

3 мая 2014
Сёння ў Верхнім горадзе распачаўся летні культурны сезон. Рэканструкцыя ваенных падзей, старажытныя вулічныя танцы і майстар-класы па кавальстве. Надзея Сербіненка з адкрыцця культурнага сезона.

Пляцоўка перад Ратушай сёння акунулася ў сваё гістарычнае мінулае. Пра старт святочнага дзейства па традыцыі апавясцілі, як і ў даўніну, музыканты з балкона гарадской Ратушы. А потым пачалася самая цікавая частка: рэканструкцыя адразу дзесяці стагоддзяў з гісторыі Мінска. Распачалі імпрэзу часы Полацкага княства і праўлення Вітаўта і Ягайлы.
Дарэчы, усе касцюмы цалкам адпавядаюць гістарычным эскізам. Каб ўзнавіць дух мінулага, удзельнікі рэканструкцыі ўжываюцца ў ролю даволі доўга. Так, майстэрскае валоданне мячом можна прадэманстраваць толькі пасля старанных трэніровак.
У тэатралізаванай гістарычнай рэканструкцыі прынялі ўдзел і гледачы. Майстар-клас па старажытных вулічных танцах захапіў і дзяцей, і дарослых.
Святлана Ветрава, з гістарычным псеўданімам Васіліса, прадстаўляе старажытнае жаночае майстэрства - ткацтва. Каб выткаць рушнік, як у даўніну, патрэбна не толькі ўменне, але і якасны рабочы інструмент.
Выступленне салдат напалеонаўскіх войнаў - адно з самых эфектных. Зброя, абмундзіраванне і нават рухі - усё як у 19 стагоддзі. Дарэчы, ваенная форма салдат арміі Расійскай імперыі - не вельмі зручная.
Дарэчы, творчая пляцоўка каля Ратушы стала асноўнай у гэтым сезоне невыпадкова. Сёлета пешаходная зона выхаднога дня пераносіцца з вуліцы Карла Маркса.
Пешаходная вуліца застанецца ў распараджэнні мінчан і турыстаў усе лета і закрыецца толькі ў верасні. Кожныя выхадныя і святочныя дні будуць праходзіць гістарычныя майстар-класы, ваенныя рэканструкцыі і аматарскія тэатральныя пастаноўкі.