Заапарк на падворку ў фермера

2 сентября 2017

Якім можа быць фермерства ў Беларусі? Адказ на гэта пытанне на тыдні шукалі нашы карэспандэнты. Здымачная група адправілася ў Кобрынскі раён да Васіля Новіка, якому 14 гадоў таму перадалі ў карыстанне землі разбуранага калгаса. Зараз на плошчы амаль 2 тысячы гектараў размяшчаюцца ферма, палі, аграсядзіба і сад. Тут разводзяць пародзістых авечак, гадуюць аленяў і вярблюдаў, адраджаюць традыцыі продкаў. Больш падрабязна - у рэпартажы Вікторыі Патоні.

У сельскай гаспадарцы Васіль Новік - чалавек дасведчаны. Ветэрынар па адукацыі, 14 гадоў таму вырашыў самастойна заняцца фермерствам. Яму дасталіся землі ад паўразбуранага калгаса. Тут разбіў фруктова-ягадны сад і займаецца жывёлагадоўляй. Сёння ў “Віліі-агра” амаль 2 тысячы гектараў плошчы, больш за 50 работнікаў. Прыязджаюць на працу нават з горада. Стаўку робяць на малако. І плануюць павялічваць дойны статак.

Гаспадарка цалкам забяспечвае сябе кармамі. Васіль Новік дысцыпліне адводзіць не апошнюю ролю. Але ёсць нямала рэчаў, што называецца, для душы.

Ферма і сапраўды незвычайная. Побач з каровамі пабудаваны вальеры для дзікіх жывёл. У тым ліку - экзатычных. Напрыклад, вось гэтыя сібірскія маралы ў нашых лясах не сустракаюцца. Яны – насельнікі Азіі. А паглядзець на такую прыгажосць штогод прыязджаюць тысячы турыстаў.

Тут алені, аслы, коні розных парод і памераў. І нават вярблюды, прывезеныя з Казахстана. Васіль Новік кажа: пара асвоілася за чатыры гады і добра пераносіць нашы зімы.

"Вілія-агра" займаецца і племянным развядзеннем авечак пароды суфолк. На думку Васіля Новіка, гэта адзін з лепшых варыянтаў авечкагадоўлі. Мясашэрснай пародай цікавяцца пакупнікі з Беларусі і Расіі. Атару з баранчыкаў плануюць павялічыць ад 500 да некалькіх тысяч.

Фермерская гаспадарка адраджае традыцыі продкаў і развівае турыстычны напрамак. З гэтай мэтай пабудавана аграсядзіба. Для адпачынку ёсць лазня, вадаём, пасека. Нельга не заўважыць птушнік з галубятняй. Гасцей тут частуюць нацыянальнымі стравамі з прэфіксам «эка». Хлеб выпякаюць па бабуліных рэцэптах і нарыхтоўваюць травы па старажытнай тэхналогіі.

У планах Васіля Новіка - адрэстаўраваць млын, помнік архітэктуры пачатку 20 стагоддзя. Артэфакту больш за 100 гадоў, але многія механізмы ў працоўным стане. Паводле слоў фермера, працаваць на зямлі цяжка, але перспектыўна. Галоўнае, усё рабіць па прынцыпе "як для сябе".