Залаты медаль - на міжнароднай алімпіядзе па фізіцы

30 июля 2016

Такую высокую ўзнагароду атрымаў выпускнік Гродзенскай гімназіі Эрык Камлык. Юнак на міжнародным інтэлектуальным спаборніцтве абышоў амаль паўтысячы ўдзельнікаў. Золата атрымаў за паспяховае праходжанне двух этапаў алімпіяды - эксперыментаў і тэорыі.

Вольга Капковіч даведалася: колькі часу эрудыт праводзіць за падручнікам і дзе плануе вучыцца далей. Геніяльнасць – гэта працэнт таленту і 99 – поту. Гэта словы Эйнштэйна, дарэчы, куміра гродзенскага гімназіста, ідэальна апісваюць доўгі этап падрыхтоўкі юнака да міжнароднай алімпіяды.

Калі скласці ў стос усе падручнікі і дапаможнікі па фізіцы, якія праштудзіраваў Эрык, атрымаецца “вежа” ў 2 з лішнім метры. Засвоіць велізарны пласт інфармацыі - далёка пазашкольнага ўзроўню - атрымалася за некалькі гадоў.

Такая ўзмоцненая падрыхтоўка дазволіла абысці на інтэлектуальным спаборніцтве амаль 500 юнакоў і дзяўчат з 90 краін свету. Алімпіяда складалася з двух тураў: тэарэтычнага і эксперыментальнага. Дарэчы, менавіта практычную частку Эрык лічыць самай прывабнай у фізіцы. На эксперыменты робіць упор і настаўнік геніяльнага хлапчука.

Эрык паспявае не толькі вучыцца, але і хадзіць у кіно, квеструмы і сустракацца з сябрамі. Апошняе лета перад студэнцкімі гадамі хлопец праводзіць таксама насычана. З будучым юнак вызначыўся. Ён, як і яго настаўнік, упэўнены: фізіка не прымусіць сумаваць ніколі.

За таленавітага выпускніка ўжо разгарнулася барацьба. ВНУ: і айчынныя, і замежныя наперабой клічуць хлопца паступаць без іспытаў у іх альма-матар. Сярод фаварытаў для Эрыка - вядучыя беларускія ўніверсітэты.