Зімовыя забавы

17 декабря 2016

Віцебск навагоднія падарункі рыхтуе для аматараў актыўнага адпачынку. Усе лыжныя трасы, каткі і хакейныя каробкі гатовы да эксплуатацыі. Адкрыццю спартыўнага сезона спрыяе і надвор'е. І калі для камунальнікаў снег - нярэдка праблема, для аматараў зімовых забаў - з'ява жаданая. Наш карэспандэнт Артур Смалякоў першым апрабаваў гарадскую лыжню.

Лыжы замест любімай канапы, спорт замест камп'ютара. Самых актыўных гараджан зараз можна знайсці ў парку Савецкай арміі. Мясцовая лыжаролерная траса ў Віцебску самая папулярная. Дзякуючы шчодрым ападкам, вышыня снежнага покрыву тут амаль 40 сантыметраў.

У лесапарку і дыхаць лёгка, і адпачываць прыемна. Даўжыня маршруту - паўтара кіламетра. Можна і на лыжах, і на санках з гары. У асартыменце пункта пракату - спартыўны камплект розных памераў.

Алена Будкевіч, спецыяліст аддзела цэнтра культуры "Віцебск":

"Мы гатовыя прыняць усіх аматараў лыжнага спорту. Для маленькіх дзяцей ёсць санкі ў пракаце, лыжы невялікія, імкнёмся кожны год нешта набываць новае. Памеры лыжных чаравікаў ад 35-га памеру да 47-га".

 

Заснежаныя трасы  прыцягваюць і вопытных аматараў зімовых забаў, і спартсменаў-пачаткоўцаў. На гарадскую лыжню выйшлі студэнты і школьнікі. Прыйсці да фінішу першым жадае кожны, асабліва, калі за поспехамі назіраюць выкладчыкі.

Усяго ў Віцебскай вобласці гэтай зімой пракладуць больш за паўсотні лыжных трас і зальюць 365 каткоў. Самы буйны аб'ект для тых, хто выпісвае фігурныя па, чакае наведвальнікаў у абласным цэнтры на плошчы Перамогі. На падрыхтоўку пляцоўкі пайшло амаль 20 тысяч літраў вады. У гэты ўік-энд адначасова стаць на лёд тут змогуць каля тысячы гараджан.

Прыемная музыка, добры лёд і асвятленне ў стылі дыска. Віцебскія каткі здзіўляюць не толькі памерамі, але і ўзроўнем камфорту. Кожны жадаючы тут можа выпіць гарачай кавы і пагрэцца ў пункце пракату. Пасля 30-хвіліннага сеансу на лёдзе незадаволеных няма.

Пункты пракату па ўсёй вобласці ўжо падрыхтавалі больш за 3 тысячы пар канькоў. Разам з імі кожны атрымае ў падарунак выдатны настрой і сапраўднае свята.