Жыхарка Віцебска карціны стварае з шакаладу

1 декабря 2018

У хатняй экспазіцыі асаблівае месца займаюць салодкія відарысы славутасцяў горада, а таксама каты-вандроўнікі. Зараз мастачка разам з творчай камандай працуе над крэатыўным праектам. Марына Раманоўская ўбачыла хатнюю галерэю.

Майстар выкарыстоўвае толькі натуральны матэрыял. Таму шакаладныя карціны, як і звычайныя цукеркі, на сонцы хутка растаюць. Але калі пазбягаць прамянёў, расказвае мастачка, то ўпрыгожваць інтэр’ер такія шэдэўры могуць вельмі доўга. Прапаноўваю азнаёміцца з экспазіцыяй. Родныя Наталлі Цапук ведаюць: калі кватэру напаўняе прыемны шакаладны пах, значыць, мастачка працуе над чарговай карцінай. Наталля - дызайнер інтэр’ераў. Некалькі гадоў таму асвоіла смачны жывапіс. Работы розныя памерамі. На вялікую карціну, расказвае майстар, можа спатрэбіцца некалькі кілаграмаў шакаладу.

Асабісты рэкорд - палатно памерам паўтара на два метры. Дзякуючы фарбавальнікам шакалад можа мець самыя розныя адценні. Шакалад выкарыстоўваецца не толькі ў якасці фарбаў і палатна. З яго мастачка таксама стварае рамкі для карцін. Улетку Наталля выставіла работы ў музеі-сядзібе Рэпіна “Здраўнёва”. Зараз разам з творчай камандай рыхтуецца да маштабнага крэатыўнага праекта. Ён аб’яднае шакаладныя рэпрадукцыі самых каштоўных шэдэўраў сусветнага жывапісу. Віцебская ратуша, храмы, вуліцы. Шмат работ мастачка прысвячае Віцебску.

Сярод галоўных герояў - каты-вандроўнікі. Якім будзе наступны вобраз, падказвае кошка Алівія. Яна з цікавасцю назірае за працэсам. А часам пакідае на карціне і свой аўтограф. У модзе шакаладныя партрэты. Неўзабаве мастачка плануе намаляваць сваю маленькую дачку Крысціну. Менавіта яна натхняе маладую маці на стварэнне прыгажосці.