Жыхарка Гомельскай вобласці стварыла цырульню ў аўтамабільным фургоне

12 Кастрычніка 2019

Салон прыгажосці з дастаўкай дадому. Жыхарка Гомельскай вобласці стварыла цырульню ў аўтамабільным фургоне. І цяпер падарожнічае на ім па ўсёй вобласці. У маленькіх вёсках, дзе інфраструктура слаба развітая, мабільную цырульню сустракаюць з задавальненнем. У маршрутным лісце - ужо больш за 15 вёсак. 

Незвычайны салон на колах наведала і наш карэспандэнт Ганна Кавалёва.

Цырульнік Наталля сёння прымае кліентаў у Веткаўскім раёне. А заўтра адправіцца ўжо па новым маршруце. Уласную цырульню яна адкрыла прама на борце старэнькага фургона. З тых часоў - кожны дзень садзіцца за руль і едзе ў беларускую глыбінку ў пошуках новых кліентаў.

Толькі ў гэтым месяцы ў графіку - 15 вёсак. У некаторыя - некалькі рэйсаў. Свайго майстра там ужо ведаюць і чакаюць. Бо для многіх вяскоўцаў - пастрыгчыся - цэлая праблема. Камбінаты бытавога абслугоўвання даўно сталі сінонімам забытага мінулага. Застаецца адно - ехаць у райцэнтры, а гэта часам дзясяткі кіламетраў. Дарэчы, гісторыя фургона пачалася пару гадоў таму. Тады Наталля вырашыла адкрыць сваю справу. Праўда, акрамя майстэрства, 5 разраду і 20-гадовага вопыту не было нічога. Арэнда памяшканняў у горадзе аказалася непад'ёмнай. І гэта без камуналкі. Крэатыўная ідэя стварыць мабільную цырульню прыйшла нечакана.

Наталля прызнаецца: спачатку і сама не верыла, што атрымаецца ўкласціся не толькі ў бюджэт, але і ў патрабаванні СанПіН. Аднак пошукі прыдатнага транспарту ўвянчаліся поспехам. Усё неабходнае размясцілася на 12-ці метрах вось такога фургона. І нават гэтай плошчы хапіла, каб выканаць усе санітарныя нормы. Тут і працоўная зона з інструментамі, і дзве ракавіны.

Вядома, шлях да кліентаў з першых дзён патрабаваў выдаткаў на бензін. Але сёння праект ужо акупляецца. Дарэчы, працуе Наталля па заяўным прынцыпе. Без афармлення ІП. У месяц плаціць 27 рублёў падатку і больш ніякай бухгалтэрыі. У камітэце па працы адзначаюць: працуючы нават па заяўным прынцыпе, можна разлічваць на субсідыі ад дзяржавы і іншую дапамогу.

Толькі ў Гомельскай вобласці план на гэты год - выдаць каля 380-ці субсідый. Планавую лічбу з кожным годам павялічваюць. Сёлета такой падтрымкай ўжо скарысталіся больш за 300 чалавек.