Жыхар Брэста распрацаваў новую мадэль шпатэля

5 января 2019

Жыхар Брэста абвяргае думку, што ў XXI стагоддзі вынаходзіць няма чаго. Павел Жмінько распрацаваў новую мадэль шпатэля, з яго дапамогай аддзелачныя работы можна выканаць хутчэй. Пры гэтым эканомія не толькі часу, але і будаўнічага матэрыялу.

 

Чым адрозніваецца аўтарскі шпатэль ад тых, што існуюць на рынку, высветліла Вікторыя Патоня. Першы шпатэль – інструмент для аддзелачных работ – Павел Жмінько зрабіў на ўласным станку ў гаражы. У будаўнічай сферы ён 15 гадоў, а ў спрытных руках майстра пабывалі розныя прылады для ўкладкі дэкарытыўных каменя і пліткі. Падчас працы муляр заўважыў недахопы звычайнага шпатэля і вырашыў яго ўдасканаліць. Аўтарская мадэль мае ўнутраныя і вонкавыя бакавыя тарцы і ў гэтым перавага - эканомія часу, клею і сама работа чыстая. Наватарскую распрацоўку першымі ацанілі калегі Паўла.

 

Шпатэль сапраўды не падобны ні на адзін з тых, якія існуюць на рынку. Павел Жмінько шмат часу правёў у навукова-тэхнічнай бібліятэцы і ў Інтэрнэце, але аналага свайму інструменту не знайшоў. Унікальнасць распрацоўкі пацвердзіў і патэнт Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Беларусі. Зараз аддзелачнік спрабуе запусціць мадэль у вытворчасць. Тым больш што ў Беларусі такія будаўнічыя інструменты імпартныя: з Кітая і Польшчы.

 

Распрацоўка падштурхнула сямейную пару стварыць прыватнае прадпрыемства. Пакуль іх фірма складаецца з 2 чалавек: Паўла і яго жонкі Вольгі, якая з захапленнем падтрымала ідэю майстра.

 

Гэта сямейны тандэм сваім прыкладам абвяргае, што ў наш час няма чаго вынаходзіць. Яны мараць, каб ідэя адкрыць завод па вытворчасці будаўнічых інструментаў стала рэальнасцю.