Жніво набірае тэмп і ў Магілёўскай вобласці

3 августа 2019

Жніво ў Беларусі ў разгары. Набіраюць тэмп і ў Магілёўскай вобласці. Штодня аграрыі дадаюць звыш 40 тысяч тон збожжа ў агульны каравай. Звыш 200 маладзёжных экіпажаў, каля сотні сямейных у палях з раніцы і да захаду сонца. Андрэй Ястрабаў пераканаўся - тэхніка і будучы хлеб у надзейных руках.

Уборачная кампанія - той самы час, калі кожны колас на ўліку. Таму і ловяць кожны пагодны дзень. Спецыялісты сведчаць - ураджай добры.

Для Аляксандра Верхатурава і Віктара Пятрова сёлетняе жніво ў дуэце першае. Праўда, кожны з іх не навічок у сельскай гаспадарцы. Напэўна, таму і камбайн працуе як гадзіннік і без страт.

Сапраўды, людзей выпадковых на ўборачнай не бывае. Сямейны дуэт Макосавых таксама таму пацвярджэнне. Разам першы сезон. Аднак не бацька ўжо за штурвалам. Дарэчы, за плячыма Юрыя Якаўлевіча 28 сезонаў, не аднойчы і адзначаны за працоўныя заслугі. Цяпер у памочніках. Галоўны ў дуэце сын.

Работа калі і спыняецца, дык толькі на некалькі хвілін, каб атрымаць віншаванне з чарговай тысячай у намалоце і адвозцы збожжа.

У “Зары” разлічваюць на добры ўраджай. Агульны намалот перасягнуў 10 тысяч тон. І гэта толькі палова жніва.

Штодня магілёўскія аграрыі дадаюць да 40 тысяч тон збожжа ў агульны каравай краіны. Наперадзе яшчэ палова жніва.

У гаспадарках упэўнены, што з хлебам абавязкова будзем.