Час бярозавіка! Нарыхтоўка соку ў лясгасах у самым разгары. Калі надвор’е планы леснікам не сапсуе, у Гродзенскай вобласці збяруць амаль 5 000 тон карыснага прадукта. Першыя паўтары тысячы тон бярозавіка накіраваны на перапрацоўку. І сёлета беларускі сок будзе рэалізаваны не толькі ў нас, але і ў Заходняй Еўропе, ЗША і нават Кітаі.
Вольга Капковіч даведалася, за што шануюць прадукцыю прынёманскіх бяроз. Увесну ўсе бярозавыя дзялянкі рэгіёна ператвараюцца ў сапраўдныя плантацыі па зборы салодкага напою. Сярод гэтых далёка не маладых бярозак - кожнай з іх мінімум 60 гадоў - нясуць варту ляснікі. Яны ўласна адбіраюць, дзе і з якога дрэва сёлета будуць збіраць сок.
Па такой кропельцы за сезон прынёманскія бярозкі “наплачуць” ажно 5 000 тон соку. Прычым, калі ў лясніцтвах збор бярозавіку ў самым разгары, то ў цэхах па вырабе натуральнага напою працэс перапрацоўкі завяршаюць. Рэшткі бярозавых слёз з цэлым спісам карысных якасцяў прададуць насельніцтву.
Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па перапрацоўцы соку ў краіне знаходзіцца ў Гродне. На адзін толькі цэх гэтай кампаніі кожны дзень “працуюць” амаль 20 000 бяроз. Тэрыторыю, дзе яны растуць, параўноўваюць з плошчай такой дзяржавы, як Сан-Марына. Дарэчы, там гродзенскі бярозавік таксама прадаюць. Апошні час асаблівую папулярнасць як у беларускіх, так і замежных пакупнікоў набірае бярозавік з натуральнымі дабаўкамі.
У ЗША, Заходняй Еўропе і нават Кітаі вітамінны напой стаў хітом продажу. Выдатную рэкламу беларускаму натуральнаму прадукту далі зоркі і вядомыя дыетолагі, якія назвалі бярозавік эліксірам прыгажосці і здароўя.
Эксперты спраў лясных прагназуюць, што збор соку ў рэгіёне будзе доўжыцца яшчэ тыдзень. Як толькі ўстановіцца цёплае надвор’е і на дрэвах пачнуць брыняць пупышкі, нарыхтоўка соку спыніцца.













