Задача механізатараў на жніве - хутка і, галоўнае, якасна ўбраць новы ўраджай

28 июля 2018

Задача механізатараў на жніве - хутка і, галоўнае, якасна ўбраць новы ўраджай

Аб усім астатнім загадзя паклапаціліся кіраўнікі гаспадарак і прафсаюзы. Ва ўсіх СПК у Гродзенскай вобласці на перыяд уборачнай арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, працуюць лазні і душавыя пакоі. А яшчэ кожны камбайнер забяспечаны спецадзеннем. На выпадак паломкі тэхнікі працуюць мабільныя рамонтныя брыгады. Аб бытавых умовах хлебаробаў - Юрый Карняловіч.

Працоўны дзень у сталоўцы гаспадаркі "Няверавічы" пачынаецца з сямі раніцы і можа закончыцца нават апоўначы. І тут нічога дзіўнага, прызнаюцца кухаркі, зараз самая гарачая пара не толькі ў хлебаробаў. Каб жніво ішло без збояў, адной спраўнай тэхнікі не дастаткова. Людзі павінны быць сытымі і ў выдатным настроі. Якраз гэтую стратэгічную задачу і выконваюць жанчыны за кухоннай плітой.

Марыя Копач - галоўная на кухні. Накарміць больш за сотню механізатараў - задача не простая. Неабходна разлічыць колькасць прадуктаў, вагу кожнай порцыі, ды яшчэ і каб смачна было.

Аднак адна справа прыгатаваць ежу, зусім іншая развесці хлебаробам. За дзень спецыяльны аўтобус можа наматаць не адну сотню кіламетраў, даехаць неабходна нават да самых аддаленых участкаў.

Раздатчыца Святлана Стасевіч за механізатараў перажывае як за сваіх родных. Да кожнага у яе свой асабісты падыход. Таму і стравы, прызнаюцца хлебаробы, тут нічым не адрозніваюцца ад хатніх.

Паралельна з працай повараў у сельскай сталоўцы, смачныя стравы гатуюцца і ў кватэры аднаго з лідараў жніва Івана Гука. Жонка Наталля сёння вырашыла парадаваць мужа любімым пячэннем. Уборачная кампанія няпростая пара для сям’і. Гаспадар рана адыходзіць на працу і вяртаецца дадому толькі пераначаваць. У тым, што Іван заўсёды накормлены, няма ніякіх сумненняў. Аднак ад любімых піражкоў, прызнаецца жанчына, ён наўрад ці адмовіцца.

Такая сустрэча для камбайнера Івана Гука стала прыемнай нечаканасцю. Убачыць жонку на полі, ды яшчэ з любімымі піражкамі, ён нават і не спадзяваўся.

Кіраўніцтва гаспадаркі такія сюрпрызы толькі падтрымлівае. Сустрэча з роднымі дадае хлебаробам сілы своечасова і якасна завяршыць жніво. Са свайго боку, у сельгаспрадпрыемстве таксама пастараліся стварыць неабходныя бытавыя ўмовы для механізатараў.

Камфортныя бытавыя умовы для хлебаробаў створаны ва ўсіх гаспадарках Гродзенскай вобласці. За іх выкананнем пільна сочаць мясцовыя прафсаюзы.

Такія адносіны патрабуюць ад хлебаробаў і адпаведнай аддачы. Сёння, нягледзячы на сюрпрызы надвор’я, жніво ў рэгіёне ідзе згодна з графікам. Не зусім толькі радуюць намалоты. Засуха ўнесла пэўныя карэктывы ва ўраджайнасць. Аднак, у большасці гаспадарак усё ж такі спадзяюцца дасягнуць мінулагодніх паказчыкаў.