За 5 гадоў у Магілёўскай вобласці створана больш за 1700 аб’ектаў безбар’ернага асяроддзя

1 октября 2016

Безбар’ернае асяроддзе ў Беларусі павінна быць створана па ўсім маршруце перамяшчэння інвалідаў. Згодна з канцэпцыяй адпаведнай дзяржпраграмы, трэць магілёўскіх аўтобусаў ужо абсталявалі спецыяльнымі пандусамі. А ў новым падземным пераходзе ля Пушкінскага моста ўстаноўлены спецыяльны ліфт для калясачнікаў. Пра безбар'ернае асяроддзе ў Магілёве - Крысціна Каранкевіч.

Галіна Коксіна  з дзяцінства ў інваліднай калясцы. Жыве ў доме ветэранаў. Жанчына не ўяўляе сябе без працы. Дзякуючы таму, што ў рэйсавых аўтобусах з’явіліся спецыяльныя пандусы, цяпер яна можа ездзіць на працу ў цэнтр горада. Закаціць каляску ў транспарт дапамагае вадзіцель.

Дарэчы, усе вадзіцелі першага аўтапарка Магілёва прайшлі спецыяльную вучобу. Зараз у іх абавязак уваходзіць дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі карыстацца грамадскім транспартам. 32% аўтобусаў у горадзе абсталяваны спецыяльнымі пандусамі.

Асноўныя праблемы для руху па горадзе на інвалідных калясках - высокія бардзюры. На тых вуліцах, дзе зрабілі рэканструкцыю, - іх ужо няма, і рухацца стала лягчэй. А вось падземныя пераходы - сур’ёзная перашкода не толькі для чалавека на калясцы, але і для сталых людзей, цяжарных, жанчын з каляскамі, людзей з парушэннямі слыху і зроку. Адно з патрабаванняў да праектавання новых аб’ектаў для жыцця, працы і адпачынку ў Беларусі - стварэнне безбар’ернага асяроддзя. Таму напачатку лістапада ў Магілёве ля Пушкінскага моста адкрыецца падземны пешаходны пераход са спецыяльнымі ліфтамі.

Паводле слоў  будаўнікоў, новы падземны пераход будзе поўнасцю адпавядаць канцэпцыі “безбар’ернага асяроддзя”.

За апошнія 5 гадоў у Магілёўскай вобласці створана больш за 1700 аб’ектаў безбар’ернага асяроддзя. У санаторыях рэгіёна стала больш месцаў для інвалідаў-калясачнікаў, безбар’ерны доступ стварылі амаль у шасці сотнях пад’ездаў, паніжаюць і бардзюры на наземных пераходах. Сучасны Магілёў будзе працаваць у гэтым кірунку і далей.