Юбілейны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі ў Полацку

1 апреля 2017

Сёлета музычны форум прысвечаны 1150-годдзю самага старажытнага горада Беларусі. Уверцюрай да фестывалю стаў дзіцячы фартэпіянны конкурс.

Разам з журы узровень выканаўцаў ацаніла і наш карэспандэнт Марына Раманоўская.

Хочацца адзначыць, што конкурс праходзіць другі раз. Сёлета музычнае спаборніцтва сабрала больш за 40 юных таленавітых піяністаў з розных гарадоў Беларусі.

Праграма вельмі насычаная. У фестывальнай афішы - сем канцэртаў. На працягу месяца ў саборы будуць гучаць скрыпка, фартэпіяна, віяланчэль, і, зразумела, арган.

У канцэртнай зале гучаць Моцарт і Шуберт. За інструментам - прафесар Веймарскай вышэйшай школы музыкі імя Ліста Герліндэ Ота. Знакамітая піяністка і педагог славіцца сваім віртуозным выканаўчым майстэрствам і фенаменальнай памяццю. Другі раз яна ўзначальвае дзіцячы фартэпіянны конкурс. Музычнае спаборніцтва - уверцюра да міжнароднага фестывалю.

Фартэпіянны канцэрт у выкананні знакамітай піяністкі - своеасаблівы майстар-клас для маладых музыкантаў. Дзіцячы конкурс праходзіць у розных узроставых групах. Усе ўдзельнікі іграюць Баха.

Музыка розных жанраў і эпох для самай патрабавальнай публікі. Фестываль даўно знайшоў свайго слухача. У афішы - знакамітыя ва ўсім свеце імёны. Большасць музыкантаў - у полацкай Сафіі ўжо неаднойчы збіралі аншлагі. Падкрэсліваюць, у гэтых сценах - камерная музыка па-асабліваму зачароўвае.

Фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі традыцыйна збірае на адной канцэртнай пляцоўцы музыкантаў з розных краін свету. Падчас ХХХ юбілейнага форуму ўнікальную акустыку Сафійскага сабора ацэняць удзельнікі з Беларусі, Германіі, Польшчы, Аўстрыі і нават Бразіліі.

Плануецца і сусветная прэм’ера. Канцэрт для аргана і камернага аркестра. Аўтар - італьянскі арганіст і кампазітар - Эўджэніа Фаджыяні. Твор прагучыць у выкананні полацкага камернага аркестра. Партыю для аргана сыграе сам аўтар.

Фестываль камернай музыкі - не адзіны музычны форум, якім ганарацца ў Полацку. Яшчэ адна візітоўка старажытнага горада - «Званы Сафіі». Восенню галоўная партыя традыцыйна - у знакамітага полацкага аргана.