Яркія фарбы замест бальнічнага настрою

30 июня 2018

У Гомелі валанцёры размалёўваюць сцены новых карпусоў абласной дзіцячай бальніцы. Гэта самы доўгачаканы будаўнічы аб'ект рэгіёна. Разам з валанцёрамі ў стварэнні яркага аблічча новай медустановы паўдзельнічала Ганна Кавалёва.

Бурнае абмеркаванне яркіх планаў. Студэнты Універсітэта транспарту зацвярджаюць з медыкамі эскізы будучых карцін. Маляваць іх будуць не на палатне, а прама на сценах абласной дзіцячай бальніцы. 2 гады таму яе пачалі дабудоўваць і рэканструяваць. Зараз заключны этап. Апошнія штрыхі да партрэта новага комплексу вырашылі дадаць студэнты Гомеля - актывісты БРСМ.

Увогуле на адну кампазіцыю патрэбныя некалькі дзён. Спачатку накіды мелам. І толькі потым за фарбы. Усяго калідоры і палаты ўстановы ўпрыгожаць амаль паўсотні малюнкаў.

Эфектыўнасць колератэрапіі даўно даказаная. Навукоўцы адзначаюць, што з яе дапамогай можна палепшыць не толькі псіхаэмацыянальны стан, але і фізічны. Напрыклад, аранжавы спрыяе добрай рабоце сэрца.

Менавіта таму кожны малюнак, перш чым трапіць на сцяну, вывучалі медыкі. Асабіста зацвярджалі колеры і адценні. Бо кожны з іх мае свой уплыў. Галоўная мэта - з дапамогай канкрэтнай палітры палепшыць эмацыянальны стан дзіцяці, расслабіць яго перад балючай працэдурай і адцягнуць увагу ад стрэсавых думак.

Усяго ў барацьбе з бальнічным настроем адгукнуліся паўдзельнічаць 58 студэнтаў - будучыя архітэктары. Дата здачы аб'екта набліжаецца, таму працуюць кожны дзень. І гэта нягледзячы на тое, што зараз у іх сесія. Выкладчыкі, гледзячы на стараннасць студэнтаў, вырашылі ўлічыць гэта пры ацэньванні практыкі. Хоць для саміх падлеткаў была і іншая матывацыя.

І пакуль адны размалёўваюць сцены ўнутры, іншыя фарбуюць будынак знадворку. У кастрычніку 2016 гэты аб'ект быў афіцыйна аб’яўлены галоўнай маладзёжнай будоўляй рэгіёна. Студатрады БРСМ працавалі круглы год, нягледзячы на расклад працоўнага семестра. І нават у апошнія дні будаўніцтва маладзёжны дэсант пазіцый не пакідае. Дарэчы, Гомельская вобласць была адзінай у рэспубліцы, дзе не было шматпрофільнай дзіцячай бальніцы для аказання спецыялізаванай дапамогі. Новы комплекс заняў два з паловай гектары. На іх тры рэканструяваныя будынкі і два новыя корпусы. Адкрыццё адбудзецца ў гэтым месяцы.