"Я мастак, я так бачу" - унікальны праект стартаваў у Гомельскай вобласці

9 марта 2019
Аўтары ідэі – супрацоўнікі карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі. Яны прапанавалі выставіцца ўсім ахвочым мастакам любога ўзросту: прафесіяналам і аматарам. Такі эксперымент праводзіцца  ўпершыню. Ужо аб’яўлена і народнае галасаванне. Пераможца атрымае права выставіцца на вядучай арт-пляцоўцы персанальна. 

Свайго фаварыта нагледзела і Ганна Кавалёва. Навукоўцы, медыкі, банкаўскія службоўцы, педагогі, архітэктары, школьнікі і пенсіянеры. Для многіх з іх гэта творчы дэбют у выставачнай прасторы Гомельскай вобласці, прычым адразу на вядучай арт-пляцоўцы рэгіёна. Такі шанц аматарам мастацтва падарыў праект пад назвай "Я мастак, я так бачу" карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі.

Сярод тых, хто адгукнуўся на ідэю, ужо 84 чалавекі – прафесіяналаў, аматараў і рамеснікаў з усёй вобласці. Лічба расце. Абмежаванняў ва ўзросце і прафесіях няма. Дарэчы, самая маленькая ўдзельніца праекта Аляксандра ходзіць у першы клас.

Аўтарам не ставілі меж ні ў жанрах, ні ў формах. Аднак у большасці гэта маляўнічыя палотны, напісаныя алеем, акварэллю і гуашшу. Таксама ёсць інсталяцыя з пластыку, інтэр'ерныя лялькі і вышываныя карціны. Арганізатары гатовыя прымаць і скульптуры, графіку, габелены, а таксама работы, створаныя ў жанры фатаграфіі, медыя-, аўдыёвізуальных відах мастацтва. Умова толькі адна - твор павінен адпавядаць этычным нормам.

Такі праект у Гомелі праходзіць упершыню. На яго стварэнне кіраўніцтва галерэі натхніў вопыт сталічных калег. Народная выстава ў Мінску ўжо два гады збірае поўныя залы. У Гомелі праект яшчэ ў працэсе рэалізацыі. Аднак папярэднія вынікі даюць падставу зрабіць мерапрыемства традыцыйным.

Пакуль на выставе 141 работа. Прыём твораў працягваецца. Экспазіцыю дапаўняюць кожную раніцу. Каб заваяваць папулярнасць у гледачоў, удзельнікі маюць месяц.

Выбраць свайго фаварыта можа любы наведвальнік выставы. Дастаткова напісаць нумар адпаведнага экспаната і кінуць бюлетэнь у спецыяльную скрыню.

Галасаваць можна і ў сацыяльных сетках. Пераможца атрымае гадавы абанемент на наведванне галерэі і права на персанальную выставу. Дарэчы, кожны аўтар можа падтрымаць і сацыяльную ідэю праекта - падарыць свае творы гематалагічнаму аддзяленню Цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, дзе праходзяць лячэнне самыя маленькія пацыенты.