Упершыню ў гісторыі беларускай батлейкі біблейскія персанажы загаварылі на заходнепалескім дыялекце

29 декабря 2018

Лялечны тэатр - у вёсцы! Гаспадары аграсядзібы Стулы Ларыса і Аляксандр Быцко імкнуцца да захавання традыцый малой радзімы. Першую пастаноўку ажыццявілі два гады таму. І настолькі натхніліся, што рызыкнулі на чарговы эксперымент. Упершыню ў гісторыі беларускай батлейкі біблейскія персанажы загаварылі на заходнепалескім дыялекце. Пра некласічнае відовішча - Вікторыя Патоня.

Заходнепалескія песні, запісаныя ад мясцовых бабуль. І гісторыя цудоўнага Нараджэння Хрыста, расказаная не ў зусім класічнай форме. У сядзібе Стулы адрадзіць традыцыю народных лялечных тэатраў паспрабавалі два гады таму. І вось чарговая прэм’ера - упершыню біблейскія персанажы ў батлейцы загаварылі на мясцовай гаворцы. 20-хвілінны паказ - своеасаблівая даніна памяці вучонаму-лінгвісту Фёдару Клімчуку, які нарадзіўся на Палессі і пераклаў Новы Запавет на мову сваіх продкаў.

Сям’я Быцко - апантаныя энтузіясты, для якіх важна зберагчы традыцыйную культуру мястэчак. Яны часта ладзяць этнаграфічныя вечары. Аграсядзіба Стулы ў іх біяграфіі з’явілася выпадкова. Гэта месца, дзе жыў знакаміты майстар, аўтар "драўлянага народа" Мікалай Тарасюк. Ён жа пэўны час заставаўся адзіным жыхаром вёскі Стойлы. І каб гэта спадчына не знікла, Ларыса і Аляксандр стварылі тут культурна-асветніцкі цэнтр "Вясковы рэнесанс".

Паставіць батлейку па ўсіх канонах дапамаглі прафесійныя рэжысёры, персанажы створаныя рукамі народных майстроў. І калі Ларыса - культурны работнік, то для прадпрымальніка Аляксандра гульня ў тэатр - нечаканы паварот у жыцці.

Традыцыі народнага лялечнага тэатра на беларускіх землях ужо 5 стагоддзяў. "Палеская батлейка" - яшчэ адна інтэрпрэтацыя любімага біблейскага сюжэта пра нараджэнне Божага сына. Лялечныя паказы плануюцца на працягу ўсяго каляднага цыкла. Таксама 12 студзеня спектакль возьме ўдзел у міжнародным праваслаўным фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў "Нябёсы", які пройдзе ў сталіцы нашай краіны.