Вадзіць карагоды, заплятаць косы і вучыць вершы і песні. Усё гэта ўмее выхавальнік 52-га дзіцячага садка Віцебска. Здаецца, нічога асаблівага, калі не браць пад разлік, што працуе выхавальнікам… мужчына. У дзіцячы садок малады спецыяліст Юрый Літошык трапіў па размеркаванні пасля вучобы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. У такую не характэрную для мужчыны прафесію ён прыйшоў невыпадкова. Выхавальнікам дзіцячага сада працуе яго маці. І сын працягнуў педагагічную дынастыю. На факультэце дашкольнага выхавання ён быў адзіным хлопцам на патоку. А калі паспрабаваў сябе ў прафесіі, зразумеў: дзеці - гэта назаўсёды.
Усяго месяц работы - і Юрый Віктаравіч ужо па-майстэрску заплятае дзяўчынкам косы, а з хлопчыкамі ўлюбёны занятак - пагаварыць пра машыны. Ад выхавальніка малышы не адыходзяць ні на хвіліну. І гэта найлепшы паказчык прафесійнай прыдатнасці.













