Пытанне працаўладкавання ў краіне застаецца адным з актуальных

27 января 2018

У пошуках заробку людзі нярэдка адпраўляюцца ў суседнія Расію, Прыбалтыку, Польшчу. Але быць запатрабаваным на роднай зямлі, бліжэй да дому для большасці беларусаў больш зручна. Галоўнае, каб было дзе працаваць і за гэта атрымліваць стабільны заробак. Як праблема працаўладкавання вырашаецца ў Брэсцкім рэгіёне, высвятлала Вікторыя Патоня.

На гэтым прадпрыемстве недалёка ад Пружан вырабляюць тавары для дзіцячай творчасці: пальчыкавыя фарбы і эластычны пясок. Дарэчы, тэхналогію вырабу незвычайнага пяску тут распрацавалі самастойна ўсяго за 4 месяцы. Матэрыял развівае маторыку ў дзяцей. Аналагічнай вытворчасці ў Беларусі пакуль няма. Прадукцыя экспартуецца ў Расію, Украіну, наладжваюцца пастаўкі ў краіны Еўрапейскага саюза. Арсеній Малюска 12 гадоў на заробкі ездзіў у Санкт-Пецярбург. Зараз праца побач з домам.

Усіх сакрэтаў вытворчасці каляровага пяску нам не раскрываюць. Але кажуць, што плануюць павялічыць аб’ёмы, а значыць рабочых месцаў стане больш. Па словах дырэктара прадпрыемства, які, дарэчы, пераехаў з Мінска ў невялікі райцэнтр, на перыферыі ёсць свае перавагі.

Юрый Асіповіч, дырэктар прадпрыемства па вырабе пластычнага пяску: «Геаграфія вытворчасці не мае значэння – знаходзіцца гэта за Мінскай кальцавой ці ў Пружанах. Мы шукалі памяшканне для вытворчасці, знайшлі ў малых гарада. Ёсць жа і ўказ Прэзідэнта па развіцці перыферыі. Займаемся распрацоўкай новых прадуктаў. Адпаведна, у нас будзе павелічэнне штату. Да канца 2018 года мы плануем штат прадпрыемства каля 22-25 чалавек".

У тым, каб ствараліся рабочыя месцы, зацікаўлены і работнікі, і інвестары. Алёна Крылова доўга не магла знайсці працу па спецыяльнасці. Зараз асвойвае прафесію ўпакоўшчыцы ў філіяле польскай фірмы па пашыве бялізны. Пакуль, гаворыць, работа падабаецца і спадзяецца, што і стабільная зарплата таксама будзе.

А на гэтым прадпрыемстве ў Кобрыне шыюць джынсавае адзенне. Тут з'явілася першая джынсавая кампанія ў Беларусі.

Працаўладкавацца змаглі амаль 40 чалавек. Пры распрацоўцы ўласных калекцый выкарыстоўваюць у тым ліку і беларускі лён. Акрамя класічных джынсаў, шыюць сукенкі, курткі, кашулі. За месяц атрымліваюць каля 5 тысяч вырабаў. Прадукцыя разлічана на айчыннага пакупніка.

Найбольш актыўна ствараюцца рабочыя месцы на перыферыі. У першую чаргу ў такіх сферах, як сельская гаспадарка, транспартныя перавозкі і арганізацыя новых вытворчасцяў. Так, летась у Брэсцкай вобласці з'явілася больш за 700 новых прадпрыемстваў.

Такім чынам, за два апошнія гады ў рэгіёне працаўладкаваліся звыш 4 тысяч чалавек у сферы малога і сярэдняга бізнесу. Каб адкрыць уласнае прадпрыемства і стварыць рабочыя месцы, зараз прадугледжаны шэраг паслабленняў і льгот па падаткаабкладанні. А будынкі, якія пустуюць, атрымліваюць другое жыццё.

Аляксандр Малыха, начальнік аддзела камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама: "Існуюць аб’екты пад стварэнне рабочых месцаў ці прадаюцца за адну базавую велічыню пад стварэнне новых мікраарганізацый. За 2016-ы і 9 месяцаў 2017 года перададзена за адну базавую велічыню 102 аб’екты, бязвыплатна 25 аб’ектаў і пад стварэнне рабочых месцаў 16 аб’ектаў".

Брэсцкая вобласць па колькасці створаных рабочых месцаў зараз знаходзіцца на трэцяй пазіцыі пасля Мінска і цэнтральнага рэгіёна. Сёлета пытанне працаўладкавання і запатрабаванасці людзей на роднай зямлі таксама застанецца ў прыярытэце.