Ваўкі ў вёсцы

21 января 2017

Масавую барацьбу з ваўкамі вядуць у Віцебскай вобласці. Драпежнікі ў пошуках ежы заходзяць на падворкі і нават нападаюць на сабак. Людзей такое небяспечнае суседства палохае. Таму і звярнуліся да паляўнічых. Што дапамагае выйсці на след драпежнага звера - ведае наш карэспандэнт у Віцебску Марына Раманоўская.

Мікалай Лук’яновіч нават у свой выхадны дзень на паляванні. Не палохаюць ні маразы, ні высокія гурбы. Студзень, кажа паляўнічы, спрыяльны месяц для здабычы трафея. Выйсці на воўчы след дапамагае снежнае надвор’е.

Спецыялісты падкрэсліваюць: у лесе драпежнік паводзіць сябе вельмі асцярожна. Таму на ваўка ідуць выключна вопытныя паляўнічыя. У групе каля дзесяці чалавек. Так імавернасць падстрэліць шэрага значна ўзрастае.

Па слядах гэтай ваўчыцы паляўнічыя ішлі доўга. Трафей здабыты ў Лёзненскім раёне. Жыхарка вёскі Стар Лідзія Гранкова расказвае, што сама нярэдка чула, як у лесе выюць ваўкі. Суседзі казалі, што бачылі драпежніка і каля вёскі.

За тры тыдні паляўнічыя паўночнага рэгіёна здабылі больш за 20 асобін драпежнага звера. Але паляванне яшчэ працягваецца.

Цікавы факт. Яшчэ некалькі гадоў таму драпежнік амаль не выходзіў з леса - ежы хапала. Зараз у пошуках здабычы звер не баіцца заходзіць нават на падворкі. Спецыялісты тлумачаць гэта змяншэннем колькасці дзіка. Як правіла, на людзей драпежнік не нападае, а вось выпадкі, калі яго ахвярамі станавіліся сабакі, здараліся.

Зусім нядаўна воўчыя сляды бачылі ў вёсцы Газьба Гарадоцкага раёна. Пасля захаду сонца мясцовыя жыхары стараюцца лішні раз не выходзіць з хаты.

Лютуе воўк і ў Брэсцкай вобласці. Драпежнікі некалькі месяцаў трымаюць у страху жыхароў адразу некалькіх вёсак. У Кобрынскім раёне загрызлі больш за 15 сабак. На дапамогу мясцовым паляўнічым прыязджаюць нават з іншых рэгіёнаў краіны. У вёсках увялі надзвычайны рэжым.