Вакол Віцебска вядзецца будаўніцтва паўночна-заходняй магістралі

11 июня 2016

Вакол Віцебска ў абход горада вядзецца будаўніцтва паўночна-заходняй магістралі. У планах - рэканструкцыя транспартнай развязкі, рамонт старога і ўзвядзенне новага моста праз Заходнюю Дзвіну.

Траса, як пераканаўся наш карэспандэнт Артур Смалякоў, дапаможа разгрузіць цэнтр Віцебска ад транзітных машын. Менавіта тут мы ўбачым новую аўтамагістраль, якую так чакаюць гараджане. Будаўніцтва паўночна-заходняга абходу Віцебска працягваецца. Усе працы абяцаюць завяршыць на пачатку 2017 года. Чатырохпалосная аб'язная дарога максімальна разгрузіць вуліцы абласнога цэнтра ад транзітнага транспарту.

На шляху паўночна-заходняга абходу Віцебска - пасёлак Руба. Зараз тут ідзе будаўніцтва падземнага пераходу і пешаходных дарожак. Каб засцерагчы мясцовых жыхароў ад транспартнага шуму, уздоўж трасы ўсталююць ахоўныя экраны. Але галоўная задача - новы мост праз Дзвіну. Апоры для яго ўжо ўзведзены. На чарзе - пастаўка металаканструкцый.

Пасля ўводу новага моста, стары чакае рэканструкцыя. Потым рух адкрыюць па абодвух. Работы над транспартнай развязкай у Віцебску пачалі ў 2014 годзе. Яшчэ месяц і траса будзе гатовая прыняць нагрузку.

Зараз графік работы брыгады будаўнікоў - 11 гадзін за суткі без выхадных. Паводле падлікаў спецыялістаў, каб завяршыць рэканструкцыю дарожнай развязкі, спатрэбіцца каля 40 тысяч кубаметраў грунту, руплівасць спецыялістаў і мільярды рублёў.

Адам Канопліч, гендырэктар РУП "Віцебскаўтадар": "З агульнага аб'ёму кошту паўночна-заходняга абыходу Віцебска, 455 мільярдаў рублёў, сёння засвоена больш за палову, і з улікам гэтага года мы асвоім тут яшчэ парадку 360 мільярдаў. Для поўнага забеспячэння ўвядзення аб'екта ў наступным годзе спатрэбіцца яшчэ 100 мільярдаў рублёў".

Сучасныя тэхналогіі дазволяць павялічыць хуткасць руху на новай трасе і знізіць узровень выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу. Але галоўнае экалагічнае рашэнне віцебскіх будаўнікоў - ізаляваная сістэма водаадвода. Дзякуючы ёй ліўневыя сцёкі з трасы не трапяць у Заходнюю Дзвіну.