Водна-балотны заказнік пачаў функцыянаваць у Слаўгарадскім раёне

25 ноября 2017

Першы ў Магілёўскай вобласці водна-балотны заказнік пачаў функцыянаваць у Слаўгарадскім раёне. Пацярпелы ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, часткова адселены, ён стаў прытулкам для многіх рэдкіх раслін і жывёл. Удалечыні ад чалавека, у дзікай прыродзе яны ўтульна сябе адчуваюць і захавалі сваю папуляцыю. Аднак ці не нашкодзіць ім новая дарожная артэрыя, якая пройдзе па тэрыторыі заказніка? Журналісцкае расследаванне правёў Андрэй Ястрабаў.

Новая дарожная артэрыя з мостам і пад’язнымі шляхамі. Будаўнічыя работы вядуцца на 7 кіламетрах. Такіх буйных у Слаўгарадскім раёне не было з паўстагоддзя. Сёлета сюды, на ўзбярэжжа ракі Сож, даставілі дзве велізарныя фермы-пралёты, якія паспяхова ўстанавілі на апоры. Цяпер экскаватары рыхтуюць дарогу, земснарадамі намываюць для яе пясок. Спецыялісты абяцаюць, што хутка транспартная артэрыя пачне функцыянаваць.

Дарога і мост звяжуць два раёны: Слаўгарадскі і Краснапольскі. Не трэба будзе дабірацца ў аб’езд і марнаваць час. А яшчэ, на думку эканамістаў, пуцеправод дасць новы штуршок да развіцця тэрыторыі на другім беразе Сожа. Туды пакуль вядзе толькі часовая пантонная пераправа.

Папулярнасць Блакітнай крыніцы велізарная. Тысячы турыстаў прыязджаюць, каб акунуцца ў яе лячэбную ваду. Аднак як захаваць прыроду ад такой увагі чалавека?! На дзяржаўным узроўні вырашана надаць гэтай тэрыторыі статус заказніка і такім чынам абараніць яе.

Пад абаронай дзяржавы цяпер не толькі Блакітная крыніца, але і ўсе 14 тысяч гектараў лясоў, балот і лугоў Слаўгарадскага і Краснапольскага раёнаў. Яны з'яўляюцца сапраўдным прытулкам для рэдкіх раслін і жывёл, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

А яшчэ менавіта праз тэрыторыю заказніка пралягае шлях міграцыі вельмі рэдкага для Беларусі арлана белахвоста. Гэта чацвёртая па велічыні драпежная птушка Еўропы з сям’і ястрабіных. Размах яго крылаў перавышае 2 метры. Жыве ён толькі там, дзе рэдка бывае чалавек.

Каб не нашкодзіць рэдкім жывёлам, маштабныя работы на гэтай тэрыторыі цяпер забаронены.

Дарэчы, Слаўгарадскі стаў 86-м заказнікам у Беларусі, якому нададзены статус рэспубліканскага значэння. Пад такой клапатлівай аховай дзяржавы звыш 20 % плошчаў краіны, а гэта 4,5 мільёна гектараў. І год ад года гэтая лічба толькі павялічваецца.