Віцебскі каледж машынабудавання рэалізуе новы праект па эканоміі энергіі

19 марта 2016

Тут ваду грэе сонца, а памяшканне - паветра з вуліцы. Энергааўдыт практычнай ініцыятывы правёў Артур Смалякоў.

Машынабудаўнічы каледж зараз - будаўнічая пляцоўка. З кожным днём ён набывае новае аблічча. Энергазберагальны праект рэалізуюць усяго чатыры месяцы, а каласальны аб'ём работ ужо ў мінулым. Тут зрабілі рамонт у памяшканнях, замянілі вокны, паставілі сонечныя калектары, каб забяспечыць патрэбы ў гарачай вадзе. А яшчэ з'явілася вентыляцыйная сістэма з рэкуперацыяй цяпла. Працуе ў 6 рэжымах. Эфект ад энергазберагальнай начынкі за паўтара месяца эксплуатацыі відавочны.

Пра энергаэфектыўнасць віцебскія навучэнцы ведаюць не па чутках. Эканоміць у каледжы вучаць кожны дзень. Будучыя машынабудаўнікі - пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў - заўсёды прапаноўваюць слушныя ідэі. За 5 гадоў 25 праектаў адзначаны дыпломамі. Летась атрымалі еўрапейскі грант 630 тысяч долараў і магчымасць рэалізаваць ідэі. 90% сродкаў ужо асвоілі.

Мадэрнізацыя яшчэ не завершаная, а энергаэфектыўны вынік ужо відавочны. У каледжы стала значна больш цёпла.

Сёння тут дакладна ведаюць, як зберагаць энергарэсурсы і пры гэтым эканоміць. Навучэнцы Віцебскага каледжа машынабудавання заўсёды гатовы дзяліцца ўдалым вопытам, а навучальныя ўстановы вобласці - пераймаць інавацыйныя ідэі.