Віцебск увесь тыдзень жыве "Славянскім базарам"

13 июля 2019

Удзельнікамі грандыёзнага фестывалю сталі тысячы замежных гасцей. Сёлета ў іх з’явілася магчымасць прыехаць на міжнародны форум па бязвізавым рэжыме. Свята ахапіла ўвесь горад. На вуліцах выраслі гандлёвыя рады, мастакі і рамеснікі запрашаюць у творчыя майстэрні пад адкрытым небам, а знакамітыя артысты ахвотна фатаграфуюцца і раздаюць аўтографы гасцям міжнароднага форуму. Эмоцыямі ад  "Славянскага базару" дзеляцца і ўдзельнікі конкурсаў, якія прыехалі ў Віцебск з усяго свету.  

З фестывальнага Віцебска - рэпартаж Марыны Раманоўскай.   Тэлеаператары настройваюць камеры, журналісты правяраюць мікрафоны, а фанаты разгортваюць плакаты ў гонар куміраў. На “Славянскім базары” ў кожнага ёсць выдатная магчымасць дакрануцца за зоркі любой велічыні.

У праграме дзве сотні мерапрыемстваў. Фестываль праходзіць на дваццаці трох пляцоўках. Самыя яскравыя на галоўнай сцэне - у Летнім амфітэатры. З грандыёзнымі шоу-праграмамі ў фестывальны Віцебск прыехалі Стас Міхайлаў, Валерый Лявонцьеў, Надзея Кадышава. У фестывальным рытме Віцебск жыве кругласутачна.

Праграма "Славянскага базару" насычана і выставачнымі праектамі. Прэзентацыі амаль ва ўсіх музеях Віцебска. Сустрэць мастакоў і народных умельцаў можна і ў імправізаваных майстэрнях пад адкрытым небам. Горад майстроў ахапіў некалькі кіламетраў.

Пад барабанны дробат і акампанемент дажджу. Міжнародны фестываль-конкурс мажарэтак і барабаншчыц - у фестывальным Віцебску аб’яднаў калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана. Дзеля прыгожага шэсця на паўгадзіны перакрылі рух транспарту па цэнтральнай вуліцы горада. Урачысты марш-парад віталі сотні гледачоў.

Незабыўныя эмоцыі ад фестывалю і ва ўдзельнікаў міжнародных конкурсаў. На дзіцячае музычнае спаборніцтва прыехалі прадстаўнікі з двух дзясяткаў краін. Упершыню - з Індыі. Журы ўзначаліў шведскі спявак і кампазітар Босан. Наша Ксенія Галецкая з першых нот пакарыла і гледачоў, і журы. Гран-пры міжнароднага конкурсу і "Залатая ліра" - у яе руках.

Дзеці перадалі музычную эстафету маладым выканаўцам. Сёння - першы конкурсны дзень. Артысты выканаюць славянскі хіт. Нашу краіну прадстаўляе Ваня Зданюк.