Витебск внедряет автоматизированную систему управления уличным освещением

23 сентября 2017

Мадэрнізацыя і ў Віцебску. Абласны цэнтр укараняе аўтаматызаваную сістэму кіравання вулічным асвятленнем. Комплексная работа разлічана на два гады. Але вынік ёсць ужо сёння.

Мая калега Марына Раманоўская адчула эфект ад інавацый. Сучасная сістэма дазваляе рэгуляваць асвятленне на вуліцах адразу па некалькіх параметрах. Напрыклад, у залежнасці ад часу сутак. Акрамя гэтага, значны эканамічны эфект дае і замена звычайных свяцільняў на святлодыёдныя.

Прагуляцца па абласным цэнтры ўвечары па-ранейшаму вельмі цікава. Плошчы, вуліцы і праспекты ззяюць яркімі святлодыёднымі агнямі. Прапаную ўбачыць усю прыгажосць.

Прывакзальная плошча. Штодзень праз яе праходзяць тысячы жыхароў і гасцей абласнога цэнтра. Праца па замене старых свяцільняў на энергаэфектыўныя тут ужо цалкам завершана. Спецыялісты кажуць, цяпер лямпачкі не толькі асвятляюць шлях і ўпрыгожваюць горад, але і значна эканомяць.

Днём гэтыя гронкі вінаграду не так прыкметны, як увечары. Значная частка свяцільняў на галоўнай плошчы Віцебска таксама энергаэфектыўная. Дарэчы, святлодыёдныя агні ззяюць у розных пунктах абласнога цэнтра. Асаблівая ўвага – цэнтральным вуліцам і праспектам.

Каб запаліць агні горада - дастаткова аднаго націску на кнопку. Дыспетчар Уладзімір Манцураў на маніторы бачыць увесь абласны цэнтр. Разумная сістэма выконвае шмат карысных функцый. Напрыклад, паказвае, дзе патрэбна дапамога аператыўнай выязной брыгады.

Дарэчы, аўтавышкі забяспечаны навігацыяй. Іх маршрут адлюстроўваецца на камп’ютары. І гэта яшчэ адзін плюс сучаснай сістэмы: дыспетчар можа хутка адсачыць, дзе знаходзіцца рамонтная брыгада, і накіраваць спецыялістаў на праблемны аб’ект.

Такіх карысных функцый старая сістэма не мела. Напрыклад, раней, каб пераканацца, што на ўскраінах горада гараць агні, дыспетчару трэба было зрабіць некалькіх тэлефонных званкоў. Зараз сучасная тэхніка сама бачыць усе аб’екты. Але стары пульт кіравання здаваць у музей спецыялісты пакуль не плануюць. На ім і зараз гарыць вельмі патрэбная кнопка. Яе галоўная задача - запальваць агні на галоўнай ёлцы абласнога цэнтра і ствараць навагодні настрой.