Віцебск. Школа батута

20 августа 2016
На ўвесь свет праславіў айчынную школу скачкоў на батуце спартсмен з Віцебска Уладзіслаў Ганчароў. Цяпер алімпійскі чэмпіён. Наш карэспандэнт Вольга Шмаргун пабывала ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе № 1 горада Віцебска, адкуль родам алімпійскі чэмпіён.

Летнія канікулы яшчэ не завяршыліся, а ў гэтай зале трэніроўкі ідуць па звычайным раскладзе. Спорт - штодзённая праца. Выхаванцы віцебскай школы па скачках на батуце гэта добра ведаюць. У паслужным спісе мясцовых спартсменаў - вышэйшыя ўзнагароды чэмпіянатаў свету і Еўропы. Не хапала тут толькі аднаго медаля –алімпійскага золата.

Дэбют на Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра для 20-гадовага батутыста Уладзіслава Ганчарова абярнуўся ўпэўненай перамогай і алімпійскім золатам. Медаль вышэйшага гатунку каваўся гадамі.

Да скачкоў на батуце будучы чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў прыйшоў са спартыўнай гімнастыкі. У 8-гадовым узросце. Трэнер Вольга Уласава ўбачыла ў хлопчыка вялікі патэнцыял. Адказны, сур'ёзны, спакойны - так характарызуюць Уладзіслава ў сценах роднай спартыўнай школы. Але, бадай, лепш за іншых пра яго магла б сказаць яшчэ адна мясцовая выхаванка, удзельніца Алімпійскіх гульняў - батутыстка Ганна Гарчанок. Чэмпіёнка Еўропы, бронзавы і сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету.

Удзел у летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа для Ганны ўдалым не назавеш. Яна была лепшай ў кваліфікацыі і...такое крыўднае падзенне ў фінале. Аднак суцяшае тое, што гэта Алімпіяда першая ў спартсменкі. Будуць яшчэ і іншыя. Як і ў жыцці зусім яшчэ юных батутыстаў, для якіх цяпер вялікі гонар трэніравацца поплеч з алімпійскім чэмпіёнам.

Віцебская школа скачкоў на батуце - наймацнейшая ў свеце яшчэ з савецкіх часоў. Сваю гісторыю вядзе з сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя. За гэты час тут падрыхтавалі некалькі дзясяткаў майстроў спорту міжнароднага класа. Яны заваявалі амаль 200 медалёў рознай вартасці на чэмпіянатах свету і Еўропы. Мікалай Казак, Дзмітрый Паляруш, Лілія Швальбо, Галіна Лебедзева. У спартыўным асяроддзі гэтыя імёны памятаюць і зараз. Ім на змену ў Віцебску рыхтуюць новых чэмпіёнаў.

Алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў зрабіў свой «алімпійскі выбар» і вырашыў падтрымаць родную спартыўную школу. Менавіта сюды ён пералічыць 15 тысяч рублёў. Куды пойдуць гэтыя сродкі, кіраўніцтва і трэнерскі штаб вырашаць пасля таго, як каманда прыляціць на радзіму. Да сустрэчы зорных выхаванцаў у Віцебску ўсё гатова.