Віцебск. Птушкафабрыка - новая лінія

28 мая 2016

Новая ўнікальная лінія па зборы і сартаванні курыных яек з'явілася на Гарадоцкай птушкафабрыцы, што ў Віцебскай вобласці. Абсталяванне агульнай працягласцю амаль кіламетр дазволіць значна знізіць працэнт некандыцыі. І, вядома ж, прынясе эканомію. Якія яшчэ ноу-хау ўкараняюць на фабрыцы, даведалася наш карэспандэнт Вольга Шмаргун.

Прадукцыя Гарадоцкай птушкафабрыкі добра вядомая не толькі жыхарам Віцебскай вобласці. Пастаўляюць яе і ў іншыя рэгіёны краіны, і за межы Беларусі. Сёння ў вялікай гаспадарцы прадпрыемства паўмільёна курэй-нясушак і 10 000 перапёлак.

Кіраўніцтва фабрыкі разумее: каб знізіць выдаткі і захаваць аб'ёмы паставак, патрэбна мадэрнізацыя. З апошніх навінак — абсталяванне па зборы і сартаванні курыных яек. Гэта транспарцёр са сталым рухам ад птушнікаў да цэха гатовай прадукцыі. Агульная даўжыня лініі — каля аднаго кіламетра.

Новая лінія дазваляе зменшыць працэнт некандыцыі курыных яек. Прасцей, не дае ім біцца. На прадпрыемстве падлічылі: станоўчы эфект складае два мільёны рублёў за суткі.

Асвойваюць на прадпрыемстве і новыя віды прадукцыі. У 2015 годзе наладзілі пастаўкі ў гандлёвыя сеткі мяса індычкі. Для гадавання птушкі пераабсталявалі вытворчыя пляцоўкі ў Хайсах, дзе раней выгадоўвалі куранят-бройлераў. Птушанят закупілі ў Польшчы. Спачатку пробную партыю на 15 000, потым яшчэ 12 000. Але ў гадаванні гэтай птушкі ёсць свае нюансы. Сама тэхналогія больш складаная, чым для куранят. А ад яе выканання залежыць вага і якасць мяса індычкі.

Мяса індычкі – дыетычны прадукт. Зацікаўленыя ў яго пастаўках і вытворцы дзіцячага харчавання. Так, на Аршанскі мясакансервавы камбінат паставілі каля 300 тон мяса. Попыт на гэтую прадукцыю стабільны, таму на прадпрыемстве плануюць нарошчваць яе вытворчасць.

На птушкафабрыцы лічаць новы напрамак дзейнасці перспектыўным. Паралельна з гэтым не спыняецца выпуск курыных і перапяліных яек. Гэтая прадукцыя займае 80% ад вытворчасці. 



Зараз чытаюць