Віцебск прыняў рэспубліканскія спаборніцтвы брыгад па рамонце і абслугоўванні размеркавальных электрасетак

1 июля 2017

Каманды дэманстравалі тэорыю і майстэрства на практыцы.

Марына Раманоўская разам з удзельнікамі паспрабавала прайсці сем розных этапаў. Перад кожным этапам - дасканалая падрыхтоўка. Энергетыкі падкрэсліваюць, у іх справе дробязей не бывае. Вось, напрыклад, зараз спецыялісты вызваляюць дарослага чалавека, якога ўдарыла токам. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму, пацярпелага ратуюць максімальна хутка.

Вельмі важна, расказваюць удзельнікі спаборніцтваў, каб уся каманда працавала зладжана. Ад дзеяння кожнага залежыць вынік. Спаборніцтвы праходзяць на хуткасць. За кожны этап налічваюцца балы. Пераняць вопыт беларускіх спецыялістаў прыехалі і калегі з Расіі.

Рамонт і абслугоўванне ліній элекраперадачы, праца на вышыні, аказанне першай даўрачэбнай дапамогі. Каманда Гомельэнерга ўздыхае з палёгкай: датчыкі на манекене паказваюць: пацярпелага выратавалі. Яго жыццю нічога не пагражае.

Пляцоўкай для правядзення спаборніцтваў стаў палігон вучэбнага цэнтра “Віцебскэнерга”. На вялікай тэрыторыі некалькі карпусоў. Штогод у сучасным цэнтры праходзяць падрыхтоўку і павышаюць кваліфікацыю тысячы спецыялістаў.

Спаборніцтвы прафесійнага майстэрства сярод энергетыкаў праходзяць ужо шмат гадоў. Але не страчваюць сваёй актуальнасці. Паводле традыцыі каманда-пераможца прадставіць краіну на міжнародных спаборніцтвах, якія сёлета пройдуць у Расіі.