Віцебск адзначае 75-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

29 июня 2019

Пад уладай фашыстаў Віцебск знаходзіўся амаль тры гады. У баях за горад прымалі ўдзел злучэнні 1-га Беларускага і 3-га Прыбалтыйскага франтоў. У святочны дзень да Вечнага агню ля манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў усклалі кветкі. Пасля рэканструкцыі адкрылі мемарыяльную дошку Герою Савецкага Саюза Дзмітрыю Мясаедаву. Ураджэнец Шумілінскага раёна, удзельнік абароны Масквы і Сталінграда, ён першым узняў чырвоны сцяг у Віцебску. Імем Дзмітрыя Мясаедава названы вуліцы ў абласным цэнтры і Шуміліне. Таксама прайшло ўрачыстае ўручэнне юбілейных медалёў «75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Рэканструкцыяй фарсіравання Заходняй Дзвіны ля вёскі Узрэчча адзначылі вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Бешанковіцкім раёне. Тут савецкія злучэнні панеслі вялікія чалавечыя страты, але заданне выканалі – левы бераг ракі быў заняты. У брацкай магіле пахавана больш за 200 салдат, восем з іх пасмяротна атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Сярод іх і малады кулямётчык з невялікага кіргізскага сяла Джумаш Асаналіеў. Кожны год на яго магілу прыязджаюць землякі.

На мемарыяле ва Узрэччы прайшоў мітынг, удзельнікі ўсклалі кветкі да брацкай магілы вызваленцаў.