Віцебск. Ноч музеяў

21 мая 2016

У ноч музеяў Віцебск забыўся пра сон, каб далучыцца да прыгожага. Большасць выставачных залаў закончылі працаваць апоўначы, а некаторыя - толькі раніцай. Галоўнай дзеючай пляцоўкай стаў мастацкі музей. Яго наведвальнікі змаглі не толькі ўбачыць цікавыя экспазіцыі, але і акунуцца ў розныя перыяды шматвяковай гісторыі горада. Падрабязнасці ў Артура Смалякова.

Для Віцебскага мастацкага музея гэта ўжо трэці такі перформанс з 2010. Шматлікія залы ператварыліся ў інтэрактыўную прастору з таямніцамі і легендамі Замкавай гары. Старадаўняя частка горада, яго цікавая гісторыя і персанажы сёння ў цэнтры канцэпцыі.

Гэта ноч адкрывае таямніцу музея. Менавіта тут у XIX стагоддзі узвышалася Замкавая гара, на якой, паводле легенды, княгіня Вольга заснавала Віцебск. З таго часу побач заўсёды блукае Белая Панна. Згодна з народным павер'ем, яна ўзлятае над горадам перад вялікімі войнамі. Сёння гаспадыня Замкавай гары сустракала гасцей культурнай бяссонніцы.

Вольга Акуневіч, загадчыца Віцебскага мастацкага музея: "Мы ніколі яшчэ "Ноч музеяў" не прысвячалі гісторыі Віцебска. Гэтым разам мы паспрабавалі гэта зрабіць і ў нас атрымалася. Прычым мы зрабілі гэта не на гістарычных, а на мастацкіх і культурных праектах. Нам трэба любымі спосабамі прывабліваць у музей моладзь. Ноччу яна пойдзе".

720 гадоў з дня нараджэння Альгерда мастацкі музей адзначыў выставай выяўленчага мастацтва ў гонар вялікага князя. Аўтары 72 работ - жывапісцы з усіх куткоў Беларусі. Уласнае бачанне вобразу легендарнага гістарычнага персанажа на кожнай карціне. Адкрыцця экспазіцыі чакаў увесь горад.

Святлана Баранкоўская, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў: "Мы збіралі працы ў Мінску, у Магілёве, Віцебску. Усё гэта звезлі сюды, атрымалася амаль музейная выстава. Здаецца, сучасныя творы, але яны выглядаюць як творы мастацтва, вартыя музеяў. І вельмі прыемна, што ўдзел у выставе прымае і моладзь, і шмат сталых мастакоў, якія ўжо даўно працуюць у гэтай тэме".

Гэтай ноччу ў мастацкім музеі сустрэліся некалькі эпох. Адважныя ваяры ў даспехах з першай паловы XIV стагоддзя, беларуская шляхта ў бальных сукенках і касцюмах XIX, сучасныя мастакі з майстар-класамі для ўсіх ахвотнікаў. А яшчэ маскарад, тэатр ценяў, вершы, опера, казкі. Тыя, хто сёння прыйшоў у музей, цалкам аддаліся атмасферы, якая панавала ў кожным кутку будынка.

З кожным годам "Ноч музеяў" у Віцебску набірае папулярнасць, нягледзячы на незвычайны для культпаходаў час. На гэта і разлічвалі стваральнікі праекта: разбурыць стэрэатып аб тым, што музей - гэта сумна. Бо ноч - час цудаў і чарадзейства.