Віцебск. Фермерская гаспадарка

8 октября 2016

Прыватны бізнес працуе на экспартны патэнцыял вобласці. Сялянска-фермерская гаспадарка ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці адкрыла новы дрэваапрацоўчы цэх. Высокапрадукцыйная лінія дазволіць павялічыць якасць выпускаемай прадукцыі і аб'ёмы вытворчасці. Новы комплекс разлічаны на тысячу кубаметраў гатовай прадукцыі ў месяц. Палетную дошку будуць пастаўляць не толькі на мясцовы, але і на еўрапейскі рынкі. Першая партыя піламатэрыялаў паедзе ў Германію. З падрабязнасцямі - наш карэспандэнт Вольга Шмаргун.

Вопыт расонскага фермера даказвае: у раёнах ёсць усе магчымасці для развіцця прыватнай вытворчасці. Сялянска-фермерская гаспадарка нарошчвае аб'ёмы, стварае новыя рабочыя месцы, гарантуе бяспечныя ўмовы працы і стабільную заработную плату. Акрамя таго, прыватнае прадпрыемства - адзін з найбуйнейшых у раёне падаткаплацельшчыкаў і экспарцёр прадукцыі.

Лесанарыхтоўкай Анатоль Барадулькін займаецца ўжо больш за 20 гадоў. Сваю сялянска-фермерскую гаспадарку арганізаваў на базе былога калгаса. Стаўку на мясцовую сыравіну зрабіў невыпадкова – больш за 70% тэрыторыі Расонскага раёна – лясы. За два дзясяткі гадоў з дробнай гаспадаркі выраслі да аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў раёна. Дзякуючы праграме льготнага крэдытавання малога і сярэдняга бізнесу, абнавілі парк аўтатэхнікі. У крэдыт узялі і новае абсталяванне – адкрылі яшчэ адзін дрэваапрацоўчы цэх. Зараз з драўніны нізкай якасці, якая раней ішла толькі на дровы, вырабляюць экспартную прадукцыю.

Безадходная гаспадарка. На прадпрыемстве працуюць па прынцыпе - пасля нарыхтоўкі на дзялянцы не павінна заставацца нічога, кожная галінка - у вытворчасць. Грошы зарабляюць нават на дрэваапрацоўчых адходах. Іх дробняць на трэскі і ператвараюць у паліва для кацельняў. Забяспечваюць імі шэсць жыллёва-камунальных гаспадарак Віцебскай вобласці.

На прадпрыемстве сёння працуюць больш за 170 чалавек, аўтобус прывозіць іх з шасці вёсак раёна. Майстру Фёдару Хамчаноўскаму гэтая работа дала магчымасць пабудаваць свой дом. Для сваіх работнікаў распрацавана сістэма скідак на матэрыялы для будаўніцтва ўласнага жылля.

Дарэчы, сялянска-фермерская гаспадарка Анатоля Барадулькіна - адна з піянераў у стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый. Яна налічвае больш за 100 чалавек. Усе сацыяльныя гарантыі замацаваны ў калектыўным дагаворы. 



Зараз чытаюць