Сёння стартуе Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў

14 октября 2017

У першы дзень у Маскве - міжнародны парад-карнавал студэнцтва, а асноўныя мерапрыемствы пройдуць у Сочы, туды адправілася і вялікая беларуская дэлегацыя - моладзь Мінска, а таксама рэгіёнаў. Наш карэспандэнт Марына Раманоўская ведае, чым беларусы будуць здзіўляць на фестывалі.

Дзіяна Данілава працуе настаўніцай. Расказвае: навіна пра тое, што яна ўвайшла ў дэлегацыю, стала прыемнай нечаканасцю. Прадстаўляць Беларусь на маштабным форуме - вялікая адказнасць. Адбор быў вельмі сур’ёзны. У школе Дзіяна Данілава ўзначальвае вучнёўскае навуковае таварыства. Накірункі - самыя розныя. Фізіка, інфарматыка, астраномія. І тут выбар за вучнямі.

З паўночнага рэгіёна Беларусі на фестываль у Сочы адправіліся васямнаццаць прадстаўнікоў. У спісе дэлегатаў - самыя таленавітыя, актыўныя і ініцыятыўныя. Андрэй Струнчанка - дэлегат ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Пра форум, расказвае хлопец, шмат чытаў у Інтэрнэце. І даўно марыў стаць яго ўдзельнікам.

Пазнаць беларускіх дэлегатаў на фестывалі можна будзе па спецыяльнай форме. Удзельнікам уручылі два камплекты адзення - парадны і спартыўны. Вольга Герашчанка жартуе: яе касцюм як быццам шыў асабісты дызайнер. Форма пасуе ідэальна. Агульны стыль распрацоўвалі лепшыя беларускія спецыялісты.

Дарэчы, беларуская дэлегацыя на форуме - адна з самых шматлікіх. Наперадзе яркія пазітыўныя эмоцыі. Добры настрой на фестывалі ахопіць дваццаць тысяч удзельнікаў з усяго свету. І менавіта столькі чалавек з новага боку адкрыюць для сябе Беларусь.