Віцебск. 500 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу

13 августа 2016

Кожны трэці долар у экспартным партманэ Віцебскай вобласці – ад прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Інавацыйная прадукцыя, сучасныя тэхналогіі – тое, што яны прапануюць сваім замежным партнёрам і што працуе на эканамічную карысць дзяржавы. Наш карэспандэнт Вольга Шмаргун пацікавілася, што пастаўляюць віцебскія вытворцы на рынкі іншых краін.

У спісе экспарцёраў Віцебскай вобласці амаль 500 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Толькі за першую палову гэтага года яны прадалі за межы прадукцыі на 340 мільёнаў рублёў. Аўтагідрапад'ёмнікі, водаачышчальнае абсталяванне, электрычны кабель, оптыка, полікарбанат, ветэрынарныя прэпараты.

Уся прадукцыя Віцебскай фармацэўтычнай кампаніі сертыфікавана па міжнародных стандартах. Сучаснае абсталяванне, навукова-даследчая лабараторыя і высокакваліфікаваны персанал. На прадпрыемстве сёння працуюць больш за 200 чалавек, выпускаюць 100 найменняў ветэрынарных прэпаратаў. Жорсткі кантроль якасці на кожным этапе: ад сыравіны да гатовай прадукцыі. Таму і запатрабаваная яна ў тым ліку і на замежных рынках – у Расіі, краінах Сярэдняй Азіі і Еўропы.

Зараз на прадпрыемстве шукаюць шляхі выхаду на расійскі рынак медыкаментаў. Іх тут пачалі вырабляць пяць гадоў таму. Сёння ў спісе 30 найменняў. Яшчэ паўсотні – у працэсе рэгістрацыі і выпрабаванняў.

Дзмітрый Бараноўскі начальнік вытворчасці фармацэўтычнага прадпрыемства:

"Штогод мы павялічваем выпуск прадукцыі прыкладна ўдвая. За 2015 год выпусцілі крыху менш за 5 мільёнаў пачкаў гатовай прадукцыі на ўнутраны рынак. Паралельно вядзем працу па рэгістрацыі лекавых сродкаў у краіны блізкага і далёкага замежжа. На мінулым тыдні была камісія Міністэрства аховы здароўя Азербайджана".

Энергаэфектыўнасць і арыгінальныя канструктарскія вырашэнні. Гэта фішка віцебскай інжынірынгавай кампаніі, якая распрацоўвае і ўкараняе высокаэфектыўныя тэхналогіі і вырабляе абсталяванне для ачысткі вады. Станцыі напорныя і безнапорныя розных габарытаў шырока запатрабаваны ў расійскіх рэгіёнах.

Марат Азолін, першы намеснік дырэктара інжынірынгавай кампаніі:

"Прадукцыю сертыфікавалі ў Расатаме, увайшлі ў іх рэестр - гэта болш складана, чым ваенная вытворчасць. На БелАЭС паставілі абсталяванне. Гэта наш гонар. І яшчэ адзін праект, якім ганарымся, - водазабеспячэнне горада Арол на 75 тысяч кубічных метраў за суткі".

На віцебскім прадпрыемстве па выпуску пад'ёмнікаў сёлета распрацавалі новы праект - машыну з самай вялікай грузавышыннай характарыстыкай: 52 метры. Убачыць яе можна пакуль толькі на маніторы камп'ютара. На 80 % будзе збірацца з айчынных камплектуючых. Доследны ўзор яшчэ не сышоў з канвеера, а на стале ў дырэктара прадпрыемства ўжо 4 перспектыўныя замежныя кантракты.

95 % прадукцыі прадпрыемства ідзе на экспарт. Сёння кампанія нарошчвае аб'ёмы вытворчасці і будуе новы завод. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы куплена сучаснае абсталяванне – фарбавальная лінія і ўнікальны прэс.

Аляксандр Трафімаў, начальнік упраўлення камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама:

"З інавацыйнага фонду аблвыканкама аказваецца падтрымка прадпрымальнікам, якія развіваюць вытворчую сферу і арыентаваны на выпуск інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі. І такіх вытворчасцяў становіцца больш. Нашы традыцыйныя рынкі збыту - Расія, Польшча, Літва, Латвія, Нідэрланды. Першыя пастаўкі ёсць у Аман і ААЭ".

Сярэдні бізнес актыўна шукае сваю нішу на вытворчым рынку. У склад буйных еўрапейскіх холдынгаў уваходзяць віцебскія прадпрыемствы па выпуску упаковачных матэрыялаў, кабельнай прадукцыі, поліэтыленавых труб. І гэта яшчэ адзін шлях да сучасных тэхналогій і новых рынкаў.