Веткаўскія кандытары вырабляюць пернікі з ўзорамі неглюбскіх ручнікоў

30 сентября 2017

Прысмакі з нацыянальным каларытам. Веткаўскія кандытары вырабляюць пернікі з ўзорамі неглюбскіх ручнікоў. Старажытныя арнаменты сімвалізуюць дабро, каханне, дастатак, поспех і здароўе. Салодкія сувеніры карыстаюцца попытам. Пернікі распісваюць уручную. І працэс гэты не толькі прыгожы, але і працаёмкі. У гэтым пераканалася Вольга Халадовіч.

Мука, яйкі, мёд і масла - тут толькі натуральныя інгрэдыенты. Цеста на пернікі папярэдне заварваюць, таму яны доўга не чарсцвеюць. Пакуль выпякаецца аснова, падрыхтоўваюць цукровую пудру, на якой веткаўскія кандытары малююць сапраўдныя шэдэўры. Вязаныя карункі, народныя вышыўкі, роспіс з бабуліных куфраў. Асвоіць працэс стварэння прыгажосці было зусім няпроста.

Спачатку іх распісвалі толькі ўручную, затым сталі выкарыстоўваць спецыяльныя трафарэты. Зараз у распараджэнні кандытараў восем старадаўніх знакаў і арнаментаў. Кожны - старажытнае пасланне продкаў.

Страла, васьмірожкі, кручча - гэтым узорам некалькі тысяч гадоў. Вось гэты, напрыклад, вобраз чалавека. Я, канешне, не прафесіянал у гэтай справе, але з дапамогай сапраўдных майстроў і трафарэта пернік у мяне, здаецца, атрымаўся.

Пернікі са старажытнымі ўзорамі кулінары вырашылі зрабіць яшчэ адным нацыянальным брэндам. Неглюбскія ручнікі ведаюць у многіх частках свету: Токіа, Парыжы, Бруселі, Манрэалі і нават у штаб-кватэры ААН. Ручніковы код дабра нібы малітва на тканіне, упэўнены і кандытары. Тамму пернікі становяцца не проста прыгожым сувенірам, але і прыносяць поспех.

Зараз у мясцовым кандытарскім цэху ўсе пернікі вырабляюць выключна пад заказ. І ўжо пашырылі асартымент: вясельныя, навагоднія, карпаратыўныя. Майстры могуць нанесці на ласунак любы малюнак. Дарэчы, тыя пакупнікі, якія бяруць на пробу адзін-два пернікі, затым вяртаюцца і заказваюць смачныя сувеніры цэлымі партыямі.