Увесь лясны фонд Брэсцкай вобласці ў наступным годзе плануецца ахапіць відэаназіраннем

3 сентября 2016

Ужо сёння ў лясгасах рэгіёна ўсталявана 76 відэакамер, якія сочаць за пажарамі у лясах. Як яны працуюць і наколькі эфектыўныя - высвятляла Людміла Салдзіна.

Памочнік ляснічага Аляксей Бруско ў рэжыме рэальнага часу сочыць за лесам на маніторы камп'ютара. Інфармацыя на яго паступае з відэакамеры, якая ўсталявана на 30-метровай пажарнай вышцы. Далёкасць агляду - звыш 20 кіламетраў.

Раней на пажарнай вышцы дзяжурылі работнікі лясніцтва. Аўтаматызаваная сістэма назірання дазваляе больш хутка і дакладна вызначыць каардынаты ўзгарання.

Андрэй Качур, інжынер па ахове і абароне лесу Брэсцкага лясгаса: "На тэрыторыі лясгаса ўсталяваны дзве камеры. Эфектыўнасць, вядома, добрая, бо не трэба там чалавеку сядзець на вышыні. Выяўляе і дазваляе рэагаваць хутчэй на вызначэнне месца ўзгарання".

Зараз у лясніцтвах вобласці працуюць 76 камер відэаназірання. Да канца года ўсталююць яшчэ 10. Столькі ж - у наступным.

Канстанцін Скрабец, начальнік аддзела Брэсцкага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання: "Вось гэтых 76 адзінак камер - яны знаходзяцца ўсе ў рабочым стане. І што тычыцца пажарнага становішча сёлета, то на сённяшні дзень у нас 31 выпадак на плошчы 26,6 гектара. І калі паглядзець па статыстыцы, то 80 % пажараў выяўлена з дапамогай відэакамер".

Лясныя гаспадаркі набываюць відэасістэмы за ўласныя сродкі. Справа гэта, зразумела, не танная. Кошт адной камеры - каля 5 тысяч рублёў. Аднак гэтыя грошы не ідуць ні ў якое параўнанне з затратамі на ліквідацыю пажараў і аднаўленне лясоў.

У мінулым годзе ў Брэсцкай вобласці адбылося 216 лясных пажараў, згарэла больш за тысячу гектараў лесу. Улічваючы эфектыўнасць відэакамер, леснікі плануюць ахапіць відэаназіраннем увесь лясны фонд рэгіёна. Гэта 1 мільён 200 тысяч гектараў.