У Віцебскай вобласці гэты год пройдзе пад знакам якасці адукацыі

3 сентября 2016

1-га верасня пачаўся новы навучальны год. Урачыстыя лінейкі адшумелі, наперадзе кантрольныя і адзнакі. У Беларусі кожны дзясяты - школьнік, а кожны пяты беларус - вучыцца. У Віцебскай вобласці гэты год пройдзе пад знакам якасці адукацыі. Што ў рамках гэтай ініцыятывы плануецца - ведае Юлія Усцінава.

Новы навучальны год у Віцебскай вобласці пачаўся для 111 тысяч школьнікаў. Сёлета ў рэгіёне вучняў больш, чым летась. Упершыню за парты селі 12 тысяч першакласнікаў. Папоўнілася на 500 маладых спецыялістаў і сям'я педагогаў.

Першы раз у першы клас. Вялікі букет, дзелавы стыль і баявы настрой. Улад да школы гатовы. Наперадзе новыя сябры і шмат цікавых адкрыццяў у краіне ведаў.

Першы званок запамінальны і хвалюючы і для бацькоў першакласнікаў.

Добразычлівымі ўсмешкамі сустракаюць падапечных настаўнікі. Новы навучальны год пройдзе пад знакам якасці. Школы Віцебскай вобласці каторы год запар дэманструюць высокі ўзровень адукацыі. Якасць навучання ў сельскай мясцовасці не саступае гораду і цалкам адпавядае сучасным патрабаванням.

Сучасны выгляд, якасны рамонт, найноўшае абсталяванне. Школа ў глыбінцы імкнецца трымаць сваю марку. І ў гэтым ёй дапамагаюць усе - мясцовыя ўлады, падшэфныя арганізацыі, спонсары. Немалую долю складаюць сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці саміх устаноў адукацыі. Так, у Верхнядзвінскім раёне ўжо сёлета зарабілі амаль 65 тысяч рублёў. Створаная матэрыяльна-тэхнічная база дазволіць працаваць яшчэ больш эфектыўна.