У Віцебскім раёне працуе самы малады кіраўнік сельсавета

16 февраля 2019

Стан дарог і пітной вады, догляд мемарыялаў, навядзенне парадку на зямлі і ўвядзенне ў абарот пустуючых надзелаў. Спіс паўсядзённых клопатаў старшыні Курынскага сельскага савета дэпутатаў Міхаіла Камандышкі вялікі. Дарэчы, ён самы малады кіраўнік сельсавета ў Віцебскім раёне. Уступіў на пасаду ў 28 і за няпоўныя тры гады зарабіў аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў. Тэму прадоўжыць Вольга Маслоўская.

Зімовыя пейзажы Курына не перадаюць усю прыгажосць гэтых мясцін. Імклівая плынь Заходняй Дзвіны зараз пад белым покрывам. Іншая справа летам. Калі Міхаіл Камандышка трапіў у гэтыя маляўнічыя мясціны, нікуды з’язжаць ужо не хацелася. Ён і яго сям’я - жыхары вёскі Курына, а таму і клопаты ўсіх мясцовых ведае не па чутках. На тэрыторыі Курынскага сельскага савета 16 вёсак. Большасць жыхароў - пенсіянеры. Але затрымліваюцца і маладыя сем’і: рабочыя рукі патрэбныя агракомплексу мясцовай птушкафабрыкі.

У хуткім часе з’явяцца яшчэ вакансіі - прадпрыемства будуе новыя птушнікі. Сваіх працаўнікоў фабрыка забяспечвае кватэрамі. Спецыялісты жывуць вось у гэтых трохпавярхоўках. Побач медыцынская дапамога - у найбліжэйшыя дні Курынская ўрачэбная амбулаторыя пераедзе ў новае памяшканне. І малым да школы некалькі хвілін пешшу. Школа, адзначае Міхаіл Камандышка, - гэта не проста адукацыйны цэнтр, гэта душа вёскі. Сёння ў Курынскім садку-школе 55 выхаванцаў. Дарэчы, некалькі гадоў таму ўстанова размяняла стагоддзе. Вучні і настаўнікі - першыя памочнікі сельсавета ў справе захавання памяці. Яны даглядаюць брацкія магілы і мемарыялы, якіх на курынскіх землях 10. А яшчэ беражліва захоўваюць звесткі пра гераічны подзвіг продкаў - у гэтых мясцінах ваяваў і загінуў легендарны партызан Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі.

Разам са школай старшыня Курынскага сельсавета плануе рэалізаваць яшчэ адну ідэю. Дзякуючы будаўніцтву Віцебскай гідраэлектрастанцыі вады ў рацэ стала болей - можна будаваць прыстані і праводзіць водныя турыстычныя паходы для гасцей і мясцовых. Парадак на зямлі - паўсядзённы клопат сельсавета. Пустуючыя плошчы вызваляюць ад хмызняку і шукаюць надзелам гаспадароў.

Паступова вырашаецца праблема пітной вады. Цэнтральнае водазабеспячэнне ёсць у пяці вёсках. Водаправодныя сеткі старыя, патрабуюць рамонту: сёлета новыя трубы пракладуць па вуліцы Зарэчнай у Курыне. Патрэбы жыхароў лепей за іншых ведаюць старшыні вёсак. Яны дарадцы старышні сельсавета і правая рука ў вырашэнні надзённых праблем глыбінкі. Уладзімір Смолка на грамадскай пасадзе не першы год. Ён і дэпутат мясцовага Савета. Са старшынёй сельсавета на сувязі сем дзён на тыдні.

За няпоўныя тры гады работы Міхаіл Камандышка зарабіў аўтарытэт сярод жыхароў. Гаворыць, сакрэт няхітры: проста трэба любіць сваю работу і быць адказным за словы і справы.