У Віцебскім раёне адкрыўся музей хлеба

20 октября 2018

Ад зерня да каравая. У Віцебскім раёне адкрыўся музей хлеба. Тут можна прасачыць яго шлях з поля да стала. Экспазіцыя інтэрактыўная, знаёміць з рознымі відамі хлеба, сабрана і мноства рэцэптаў. У тым ліку старадаўніх. Працуе ў музеі творчая майстэрня, школьнікі разам з настаўнікамі ствараюць з цеста крэатыўныя сувеніры. Марына Раманоўская - пра каравайныя сакрэты.

Такія лялькі раней можна было ўбачыць у многіх вясковых хатах. Але рабілі іх не дзеля дзіцячай гульні. Унутры гаспадары захоўвалі адборнае зерне. Увесну, калі надыходзіў час сеяць, лялька-зернявушка станавілася сапраўднай памочніцай. Сялілі ў хаце і дзідух. Нашы продкі верылі, што ён дапамагае вырасціць добры ўраджай. А значыць, сям’я будзе з хлебам.

Крупяны гадзіннік, сукенка, упрыгожаная абаранкамі, дамкі з пернікаў. У экспазіцыі - шмат арт-аб’ектаў. Але асноўнае месца адведзена менавіта хлебу. Спачатку ў школе стварылі невялікую выставу элементаў сельскагаспадарчай тэхнікі. А падчас раённых Дажынак адкрылі музей.

Гэтыя караваі і пірагі гатавалі гаспадыні з усяго Віцебскага раёна. Нашы продкі лічылі каравай не проста ўпрыгажэннем стала. Здоба мела свой сэнс. Напрыклад, па вясельным караваі можна было здагадацца, з якой сям’і нявеста. У многіх рэгіёнах, калі дзяўчына была сіратой, выпякалі жытні. Калі з поўнай сям’і, на стол ставілі пшанічны.

Вялікая ўвага – даследчай дзейнасці. Вучні разам з настаўнікамі збіраюць песні, вершы, прыказкі і прымаўкі пра хлеб. Плануюць стварыць зборнік. У яго абавязкова ўвойдуць старажытныя рэцэпты хлеба, а таксама гульні і абрады, падчас якіх нашы продкі ўслаўлялі ўраджай.

Напрыклад, перад жнівом вяскоўцы абавязкова праводзілі Зажынкі. Падчас першага выхаду ў поле вязалі сноп, які называлі “гаспадаром”. Зерне з яго выкарыстоўвалі для першага караваю, які выпякалі ў гонар новага ўраджаю.

Даследчая майстэрня аб’ядноўвае дзясяткі самых розных экспанатаў. Музей - інтэрактыўны. Яго наведвальнікі могуць не толькі даведацца старажытныя рэцэпты хлеба, але і самі прадэманстраваць кулінарнае майстэрства на імправізаванай музейнай кухні.

Для дзяцей праходзяць майстар-класы. Падчас іх школьнікі ствараюць упрыгажэнні з цеста. А каб заняткі былі не толькі пазнавальнымі, але і смачнымі, у музеі адвялі месца для гасцёўні, дзе частуюць гарбатай з абаранкамі.