У Віцебску адраджаюць альма-матар сусветнага авангарду, дзе працавалі Шагал, Малевіч і Лісіцкі. Рэканструкцыю будынка былога народнага мастацкага вучылішча плануюць завершыць ў наступным годзе. За ходам работ на значным аб'екце сачыў Артур Смалякоў.
Амаль стагоддзе таму тут тварылі шэдэўры сусветна вядомыя авангардысты. Зараз у іх альма-матар працуюць віцебскія будаўнікі. Работа на значным аб'екце ідзе амаль тры гады.
Працэс прыпыняюць новыя гістарычныя факты. Падчас рэканструкцыі тут знайшлі аўтограф знакамітага скульптара Заіра Азгура. Яму было 15, калі пад наглядам знакамітых выкладчыкаў рабіў свае першыя крокі ў мастацтве.
Хутка тут з’явяцца таблічкі з надпісам “Мемарыяльная зона”. І работы будуць весці толькі з дазволу галоўнага брыгадзіра і музейнага супрацоўніка. У амбіцыйных планах надаць будынку першапачатковы выгляд. А за гэтым стаіць педантычнае вывучэнне архіваў і гістарычных фотаздымкаў.
Старому будынку падораць новае жыццё. Гэтае месца зоймуць экспазіцыйныя залы. У цэнтры ўвагі - асобы, якія праславілі горад над Дзвіной далёка за яго межамі.
Стары будынак будзе адноўлены паводле плана 1923 года. Тут захаваюць унутраную планіроўку ХХ стагоддзя, але месца для сучаснасці таксама знойдзецца. Дзякуючы новаму абсталяванню ў Віцебску змогуць выстаўляць карціны з парыжскага Луўра.
Што да канчатковай рэалізацыі задумы, тут пакуль поўны абстракцыянізм. Сёлета з бюджэту на аднаўленне будынку выдзелена 12 мільярдаў рублёў. І ёсць надзея, што ў наступным годзе да юбілейнага 25-га фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску" на карце горада з’явіцца яшчэ адна славутасць.













