У Віцебску стартаваў “Славянскі базар”

15 июля 2017

Галоўная падзея тыдня ў культурным жыцці краіны – XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Ля галоўнай фестывальнай пляцоўкі – Летняга амфітэатра – флагі 36 краін. Упершыню на базары Эквадор і Нігерыя. Тысячы ўдзельнікаў, гасцей і турыстаў спецыяльна прыехалі ў Віцебск, каб адчуць фестывальны дух.

Вользе Маслоўскай пашчасціла працаваць на "Славянскім базары". Сёлета на фестывальных пляцоўках пройдзе 160 мерапрыемстваў. Гэта не рэкорд, але каб увасобіць у жыццё ўсе задумкі арганізатараў, горад не засынае ўвогуле. Начныя канцэрты, вулічныя перформансы, спектаклі, выставы, горад майстроў.

З марамі пра Гран-пры "Славянскага базара" прыехалі юныя артысты з 21 краіны. Сібірачка Каця Крэтава разам з бацькамі і маленькай сястрычкай, якой споўніўся ўсяго адзін месяц, тры дні цягніком дабіралася да Віцебска. Паветраныя калідоры злучылі фестывальную сталіцу з Кубай, ЗША, Мальтай. Маленькія зоркі спяшаліся ў Беларусь не толькі па ўзнагароды. На "Славянскім базары" дух спаборніцтва адыходзіць на другі план. Канкурэнты становяцца сябрамі.

Дзіцячы конкурс – гэта заўсёды прыгода. Кожная падзея з удзелам юных артыстаў - эпізод вялікага і добра пастаўленага спектакля, які пачынаецца з жараб’ёўкі. Перформанс развярнуўся ў скверы ля гарадской ратушы. Жывая музыка, апладысменты гледачоў і шчаслівыя нумары, што кожны выцягнуў сабе сам.

Беларуская канкурсантка не без падстаў упэўнена ў сваіх сілах. Нягледзячы на юны ўзрост магіляўчанка Марыя Магільная мае багаты сцэнічны вопыт і ўзнагароды з конкурсаў "Пакаленне NEXT", "Зорныя кветкі", "Рыжская сімфонія". На "Славянскі базар" прыехала з песняй "Душы так хочацца святла", якая была напісана менавіта да фестывалю.

Да дэталяў прадумана сцэнаграфія і касцюм. Глядач і журы – нават без ведання беларускай мовы – павінны зразумець глыбокі сэнс твора.

У першы конкурсны дзень наша спявачка выйшла на сцэну 16-й. У другі – пад нумарам 9. Міжнароднае журы адзнакі выстаўляе, але гэта інфармацыя службовага карыстання. Балы могуць засмуціць юнага спевака. Таму канчатковыя вынікі і ўзнагароды толькі на гала-канцэрце.

Хвалюючы момант. Конкурсная сцэна пераўтварылася ў святочную. Журы аб’яўляе пераможцаў. Авацыі гледачоў і трэцюю прэмію падзялілі паміж сабой вакалісты з Расіі і Македоніі Кацярына Крэтава і Марыя Спасоўска. Другая прэмія прысуджана Ержану Максіму з Казахстана і ўдзельніцы з Балгарыі Сесіл. Прыемныя ўспаміны і першую прэмію забярэ з сабой прадстаўнік Арменіі Эрык Мкртчан. І, нарэшце, Гран-пры.

Галоўны прыз пераможцу XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2017" Марыі Магільнай на сцэне Летняга амфітэатра ўручае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. А потым яшчэ адзін падарунак для юнай спявачкі - мабыць, самы важны і памятны. Вакалістка спявае на галоўнай сцэне "Славянскага базара ў Віцебску". Сцэне, якая стала зорным трамплінам для многіх артыстаў.