У Віцебску прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы МНС

2 сентября 2017

Аказанне першай даўрачэбнай дапамогі, праца ў ачагах хімічнага паражэння і інфекцыйнага захворвання. Спаборніцтвы санітарных дружын аб’ядналі ў Віцебскім раёне сем каманд з усёй краіны. Удзельнікам трэба было прайсці самыя розныя выпрабаванні.

Расказвае Марына Раманоўская.

Клубы дыму над вучэбным палігонам. І гэта не дэкарацыі для фільма-фантастыкі, а адзін з этапаў спаборніцтваў. На відэа, якое зроблена з вышыні птушынага палёту, добра бачна, у якіх экстрэмальных умовах каманды праходзяць выпрабаванні. І кожны этап - гэта новае складанае заданне, справіцца з якім, расказваюць удзельнікі, можна толькі пры адпаведнай падрыхтоўцы.

У кожнага этапа свая легенда. Умовы спаборніцтваў максімальна набліжаныя да рэальных. Да кожнага выпрабавання ўдзельнікі падыходзяць з вялікай адказнасцю: падчас сапраўднай надзвычайнай сітуацыі нават невялікая замінка можа дорага каштаваць. Ускладняюць праходжанне этапаў штучныя “спецэфекты” ў выглядзе дымавой заслоны ці дажджу.

Спаборніцтвы праходзяць у пяць этапаў. Сваё майстэрства ў тэорыі і на практыцы дэманструюць санітарныя дружыны буйных прадпрыемстваў. Магчымасць прадстаўляць сваю вобласць у рэспубліканскім фінале каманды заваявалі ў адборачных турах. Алеся Сазонава, камандзір каманды Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода, упэўнена: першы крок да перамогі – у зладжаных дзеяннях кожнага дружынніка.

Адзін з самых складаных, на думку удзельнікаў, этапаў - выратаванне людзей у ачагу хімічнага паражэння. Працуюць дружыннікі ў спецыяльным ахоўным абмундзіраванні. На ратаванне ўсяго некалькі хвілін.

Чым хутчэй каманда праходзіць выпрабаванне, тым больш балаў зарабляе. Калі заданне выканана з памылкамі, балы таксама налічваюцца, але штрафныя. Па выніках усіх этапаў лепшай стала каманда прадпрыемства «Нафтан» Віцебскай вобласці. Вопытная сандружына не першы раз у рэспубліканскім фінале. Дагэтуль былі другая і трэцяя ступені п'едэстала.