У Віцебску прайшоў 14 Рэспубліканскі экалагічны форум

13 мая 2017

Асаблівая ўвага падчас сумеснай працы бізнес-колаў розных краін была нададзена тэме зялёнай эканомікі, бо гэтымі днямі ў горадзе на Дзвіне праходзіў 14 Рэспубліканскі экалагічны форум. Гэта аўтарытэтнае мерапрыемства, удзел у якім бяруць вядомыя навукоўцы і практыкі. Падчас форуму працавалі секцыі па розных кірунках, у тым ліку па тэме выкарыстання і зберажэння водных рэсурсаў. Удзельнікі наведалі Віцебскую гідраэлектрастанцыю. Яна працуе на Заходняй Дзвіне і з’яўляецца адной з найбуйнейшых у Беларусі. Сіла вады дапамагае выпрацоўваць зялёную энергію для прамыслова-гаспадарчага комплексу. Магутнасці станцыі хапае, каб забяспечыць святлом Віцебскі раён.

Удзельнікі 14-га Рэспубліканскага экалагічнага форуму ініцыявалі правядзенне акцыі па пасадцы дрэў на гарадской пустэчы. А ля возера Асінаўскае, што ў Віцебскім раёне, эколагі выпусцілі 100 асобін шыракапалага рака. Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.