У Віцебску пасля рэканструкцыі адкрыўся тэрапеўтычны корпус

25 июня 2016

Яшчэ адзін падарунак паўночнай сталіцы - адкрыццё пасля рэканструкцыі тэрапеўтычнага корпуса абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра. У будынку - пяць аддзяленняў, у тым ліку ультрагукавой і функцыянальнай дыягностыкі. Атрымаць дапамогу ў лячэнні нефралагічных і алергічных захворванняў тут адначасова змогуць паўтары сотні маленькіх пацыентаў. Падрабязнасці ў Артура Смалякова.

Аналагаў гэтай установе ў рэспубліцы няма. Маштабныя абнаўленні тут пачаліся некалькі гадоў таму. Адзіны комплекс па аказанні медыцынскіх паслуг аб'яднаў 6 паліклінік, бальніцу і аздараўленчы цэнтр. Рэканструкцыя тэрапеўтычнага корпуса працягвалася каля трох з паловай гадоў. Сёння сюды пераязджаюць адразу пяць аддзяленняў.

Грандыёзная мадэрнізацыя каштавала 57 мільярдаў рублёў. Сёння сучаснае абсталяванне і методыкі дазваляюць урачам клінічнага цэнтра аказваць любыя віды дапамогі. За год тут прымаюць больш за 16 000 пацыентаў. Летась правялі каля 4 000 высокатэхналагічных аперацый.

Галіна Пузанава, галоўны ўрач Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра: "Тут размесцяцца нефралагічнае аддзяленне, алергалагічнае, неўралагічнае, гастраэнтэралагічнае, а таксама дзеці з эндакрыннай паталогіяй. Будуць працаваць фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, аддзяленне ультрагукавой дыягностыкі. Будуць працаваць дзве кафедры медуніверсітэта, з'явяцца магчымасці для аказання медыцынскай дапамогі і арганізацыі навучальнага працэсу".

Рэканструкцыя цэнтра ішла з 2010. Увод новага корпуса - апошні этап. Сучасныя палаты, новае абсталяванне, гульнявыя пакоі на кожным паверсе. У аддзяленнях прадумана ўсё для лячэння і рэабілітацыі.

Наталля Жыгур, загадчыца неўралагічнага аддзялення Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра: "Выкарыстоўваюцца новыя сучасныя метады лячэння. Гэта і кінезатэрапія, і лячэбная фізкультура, масаж, выкарыстанне касцюмаў касманаўта для паляпшэння рухальнай актыўнасці дзяцей. Маюцца ўсе сучасныя метады дыягностыкі захворванняў".

У 8-гадовага Ільі цэрэбральны параліч. Тое, што ён навучыўся хадзіць і наведвае школу, - перамога дактароў. Два разы на год хлопчык праходзіць курс рэабілітацыі ў клінічным цэнтры. Ён адзін з першых ацаніў сучасныя залы для заняткаў лячэбнай фізкультурай.

За апошнія 5 гадоў на развіццё сістэмы аховы здароўя паўночнага рэгіёна выдаткавана больш за трыльён рублёў. Пабудавана і абноўлена больш за 300 бальніц і паліклінік, палова з іх - у сельскай мясцовасці.

Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага абласнога савета дэпутатаў: "Вынікі ўражальныя. Дапамога, якая стала аказвацца па месцы жыхарства грамадзян, з 30% павялічылася да 70%. Экспарт медыцынскіх паслуг вырас у 4,5 раза, і 200 шматфункцыянальных, сучасных дыягностык і метадаў лячэння былі ўкаранёныя за гэты час менавіта дзякуючы гэтым укладанням".

Адкрыццё тэрапеўтычнага корпуса Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра стала значным укладам Віцебскай вобласці ў развіццё ўсёй беларускай медыцыны.