У Віцебску адкрылі музей гісторыі прыватнага калекцыяніравання

10 сентября 2016

У Віцебску адкрылі музей гісторыі прыватнага калекцыяніравання - адзіны ў Беларусі. Створаны ён яшчэ ў пачатку 90-х. Аднак заставаўся апошнім часам без месца сталай прапіскі. У новым музеі - не толькі гісторыя прыватнага калекцыяніравання, але і зборы сучасных энтузіястаў.

Наш карэспандэнт Вольга Шмаргун убачыла экспанаты, якім некалькі сотняў гадоў. На карце турыстычных славутасцей Віцебска з'явіўся новы аб’ект. У самым цэнтры горада адкрылі музей гісторыі прыватнага калекцыяніравання. Рэдкія артэфакты з уласных збораў вядомых беларускіх калекцыянераў цяпер сабраныя ў адной экспазіцыі.

Будынак першай гарадской электрастанцыі - помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя - з мастацтвам звязаны даўно. На працягу 20 гадоў тут размяшчаўся літаратурны музей. І вось пасля грунтоўнага рамонту - новае жыццё

Краязнаўчы музей у Віцебску калісьці пачынаўся з прыватнага збору аднаго з найбуйнейшых беларускіх калекцыянераў - Івана Галькевіча. І як даніна павагі апантаным збіральнікам прадметаў даўніны - у цэнтры горада адкрылі музей, дзе размясціліся экспанаты з розных прыватных калекцый Федаровіча, Брадоўскага, Калкова. Гэта самыя вядомыя віцебскія калекцыянеры мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Невядома, як трапіў у Віцебск кітайскі бронзавы амулет XVIII стагоддзя. Эксперты вызначылі: гэта экзатычная рэч калісьці служыла пропускам у палац імператара ў Паднябеснай. У віцебскім музеі амулет выстаўляўся ўсяго аднойчы - у 1871 годзе. Перажыў вайну і эвакуацыю. І цяпер - у самым цэнтры экспазіцыі. У фондах абласнога краязнаўчага такіх унікальных прадметаў - дзясяткі.

У зборах віцебскага калекцыянера Аркадзя Падліпскага - тысячы паштовак і значкоў, звязаных з горадам над Дзвіной. Ён прызнаецца, што будзе рады паказаць іх у сценах новага музея. Тут рыхтуюць спецыяльную залу, дзе змогуць выстаўляцца сучасныя прыватныя калекцыі.

Тут у кожнага экспаната свая гісторыя, свая энергетыка, сваё пражытае жыццё, якое змогуць уявіць наведвальнікі музея. Тым часам магчымасці паказаць уласныя зборы ў Віцебску цяпер чакаюць дзясяткі калекцыянераў з усёй Беларусі.