У цэнтры Мiнска ўрачыста адкрыты новы корпус Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя

14 сентября 2019

Мінск на тыдні прымаў Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя. Прадстаўнікі 12 краін - кіраўнікі і супрацоўнікі інстытутаў Канфуцыя з Беларусі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Расіі і іншых краін абмяркоўваюць прыярытэтныя напрамкі рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" на тэрыторыі еўразійскай прасторы. У рамках форуму ўрачыста адкрыты новы корпус Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя. Чатырохпавярховы будынак размясціўся ў самым цэнтры Мiнска - на вуліцы Рэвалюцыйнай. У лінгафонных кабінетах устаноўлены спецыяльныя праграмы для вывучэння кітайскай мовы. Закуплена і сістэма сінхроннага перакладу, якая дазваляе працаваць з чатырма мовамі.

Таксама Рэспубліканскаму інстытуту кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ сёння прысвоена званне "ўзорны". У планах - стварэнне ўнікальнай бібліятэкі Кітая і адкрыццё крамы кітайскай кнігі.

Усяго ў Беларусі адкрыта пяць інстытутаў Канфуцыя: у БДУ, Лінгвістычным універсітэце, БНТУ і рэгіянальных ВНУ.