У сталіцы стартаваў месяц па добраўпарадкаванні тэрыторый

5 октября 2019

Гарадскія паркі, магістралі і двары набудуць новы выгляд. У сталіцы стартаваў месяц па добраўпарадкаванні тэрыторый. На працягу 4-х тыдняў камунальныя службы высадзяць сотні дрэў і кустоў, навядуць парадак у скверах і месцах адпачынку мінчан. Далучацца да ўборкі і самі гараджане падчас суботнікаў. Як зменяцца гарадскія пейзажы - у матэрыяле Аляксандры Кавеліч.

Маленькія дрэвы набіраюцца сіл у спецыяльным гадавальніку. Перш чым упрыгожыць гарадскія пейзажы, саджанцы растуць не менш за 8 гадоў. Як гэтыя клёны. Праз тыдзень-другі яны зменяць месца жыхарства. Высадка дрэў пачнецца толькі пасля таго, як ападзе лісце.

Штогод вясной і восенню ў Мінску высаджваюць дзясяткі тысяч кустоў і дрэў. Азеляняюць скверы, двары, а яшчэ тэрыторыі каля магістраляў.

Старанна падбіраюць і самі пароды дрэў. Яны павінны быць максімальна вынослівымі. А таму на сталічных вуліцах часцей за ўсё з'яўляюцца клёны ці асіны, а вось звыклых каштанаў, наадварот, усё менш. Яны вельмі дрэнна пераносяць клімат вялікага горада.

Дарэчы, зялёны дэкор уздоўж дарог - не проста гарадское ўпрыгажэнне. Расліны паглынаюць шум і пыл ад аўто. А таму значна пашыраць зялёныя зоны ўздоўж самай ажыўленай гарадской трасы - сталічнай кальцавой.

Новы вобраз гэтай восенню набудуць і вялікія паркі. Маштабная рэканструкцыя - у Музеі камянёў. Там выкладваюць сцежкі, старыя валуны ачышчаюць ад моху, аднаўляюць мураваныя лесвіцы. Музей - помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Гэта своеасаблівая карта Беларусі - толькі ў паменшаным варыянце.

Да добраўпарадкавання ў кастрычніку далучацца і тысячы жыхароў падчас суботнікаў. Прыбраць апалае лісце і смецце неабходна мінімум на трох тысячах гектараў. Акрамя таго, спецыялісты разам з гараджанамі адрамантуюць спартыўнае, а таксама гульнявое абсталяванне.

Жыхары сталіцы змогуць дапамагчы і ў стварэнні зялёнай карты горада. Дастаткова пакінуць заяўку на партале "Зялёны двор разам". Ініцыятыву мінулай вясной падтрымалі больш за паўтысячы чалавек.