У сталіцы адкрыты новы корпус гарадскога цэнтра трансфузіялогіі

5 мая 2018

Медыцынскі комплекс, аналагаў якому няма. У сталіцы адкрыты новы корпус гарадскога цэнтра трансфузіялогіі. На сучасным абсталяванні праводзяць забор і праверку донарскай крыві і яе кампанентаў. Арганізаваны і спецыяльны крыябанк, каб захоўваць найбольш рэдкі біяматэрыял да 10-ці гадоў.

Аляксандра Кавеліч пра ўнікальнасць новага медцэнтра. Даволі рэдкая група крыві плюс прапанова знаёмага доктара – цяпер Лілія Бараноўская пастаянны госць гарадскога цэнтра трансфузіялогіі. Штодня тут нарыхтоўваюць дзясяткі літраў донарскага біяматэрыялу. Яго хутка накіроўваюць у сталічныя клінікі і анкалагічныя цэнтры. Новыя прафесійныя магчымасці сталічным спецыялістам адкрыў вялікі медыцынскі комплекс. Яго пабудавалі на тэрыторыі 6-й гарадской клінікі.

Аднак спачатку некалькі этапаў праверкі і падрыхтоўкі. З донарскай залы біяматэрыял трапляе на медыцынскую «кухню», дзе вылучаюць кампаненты крыві. Увесь працэс максімальна аўтаматызаваны.

Зрабіць пераліванне крыві максімальна бяспечным тут дапамагае ўнікальнае абсталяванне: апараты для апраменьвання і ачышчэння крыві. Дарэчы, сам біялагічны матэрыял падарожнічае па цэнтры з дапамогай асаблівай экспрэс-пошты.

А ў гэтым памяшканні так званы крыябанк. Гэта своеасаблівы архіў біялагічнага матэрыялу. Тут у спецыяльных кантэйнерах да 10-ці гадоў захоўваюць клеткі рэдкіх груп крыві. Каб яны не страцілі свае ўласцівасці, унутры падтрымліваюць тэмпературу мінус амаль 200 градусаў.

У сучаснай лабараторыі будуць распрацоўваць і новыя методыкі для дыягностыкі гематалагічных паталогій.

Такі інавацыйны комплекс дазваляе дзяліцца прафесійным вопытам не толькі з рэгіянальнымі калегамі, але і прымаць замежных гасцей. На базе цэнтра ладзяць міжнародныя медыцынскія семінары і майстар-класы.