У старэйшай гомельскай бальніцы з'явіўся суперсучасны аперацыйны блок

18 февраля 2017

На тое, каб мара ўрачоў гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ажыццявілася, спатрэбіліся тры гады і тры мільёны рублёў. Цяпер на базе новага аперацыйнага блока можна праводзіць самыя складаныя аперацыі – да дзесяці за дзень. І максімальна хуткую рэабілітацыю пацыентаў.

Наш карэспандэнт Вольга Халадовіч пабывала ў самым сэрцы бальніцы і ўбачыла, як зараз выглядае рабочае месца гомельскіх хірургаў. Зараз гэта аперацыйная - мара любога хірурга. Найноўшыя тэхналогіі, сучасная сістэма ачысткі паветра і, дарэчы, абсталяванне ў большасці беларускай вытворчасці.

Усе маніпуляцыі - вось на гэтым маніторы. Хірург аперыруе і назірае адначасова. Аргонавы каагулятар, які за лічаныя секунды спыняе крывацёк, апарат інгаляцыйнай анестэзіі - магчымасці гомельскіх хірургаў выходзяць на прынцыпова новы ўзровень.

Тамара Лешчанка ў гэтай бальніцы не ўпершыню. Жанчына перанесла складаную аперацыю. Кажа, зараз умовы ў хірургічным аддзяленні такія, што нават пры добрым самаадчуванні пакідаць бальніцу не хочацца.

Бальніца хуткай дапамогі найстарэйшая ў рэгіёне. Яе будавалі яшчэ за сродкі княгіні Ірыны Паскевіч. Будынак, у якім размясціўся новы аперацыйны блок, - былы інтэрнат для медыкаў. Капітальны рамонт працягваўся тры гады, з мясцовага бюджэту выдаткавалі амаль тры мільёны рублёў. Зараз медыкі могуць аперыраваць тут нават стагадовых пацыентаў.

Праз дзве гадзіны пасля лапараскапічнай аперацыі пацыент ужо ўстае. А літаральна на трэція-чацвёртыя суткі яго выпісваюць. За дзень у новым аперблоку праводзяць да 10 хірургічных умяшанняў.

Але гэта толькі планавыя аперацыі. Кожны дзень у прыёмнае аддзяленне і траўмапункт Гомельскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі звяртаюцца каля 230 чалавек. Прыкладна палову з іх шпіталізуюць.

Яны працуюць 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень - сёння медыцынскую дапамогу тут аказваюць кругласутачна. Дарэчы, нягледзячы на рамонт і нязручнасці, лячэбны працэс не спыняўся ні на хвіліну. За год лячэнне ў гэтай бальніцы праходзяць больш чым 20 тысяч пацыентаў. Сярод іх не толькі жыхары Гомеля і Гомельскага раёна, але і грамадзяне іншых краін.