У Саснягаўскай пушчы аднавілі стэлу з прозвішчамі першых удзельнікаў баявога злучэння

6 июля 2019

У Саснягаўскай пушчы, што на Чашніччыне, у юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на месцы дыслакацыі партызанскага атрада пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка аднавілі стэлу з прозвішчамі першых удзельнікаў баявога злучэння. У святочны дзень на партызанскай паляне сабралася шмат людзей. Гучалі ваенныя балады і гарэў партызанскі касцёр. Прыехалі дзеці і ўнукі тых, хто разгортваў народнае супраціўленне ў гэтых мясцінах падчас вайны. Усе яны, як і тысячы беларусаў, падтрымалі акцыю “Беларусь памятае” і ўсклалі кветкі да адноўленага абеліска. 

Падрабязней - Вольга Маслоўская. У баку ад ажыўленых дарог у лесе на мяжы Чашніцкага і Лепельскага раёнаў ёсць паляна, дзе ў цяні шырокіх елак можна схавацца ад летняй спякоты. Над галавой  сонечнае неба  і ніводнага гуку, які можа парушыць спакой. Цяжка нават уявіць, што тут была вайна. У 42-ім менавіта тут пачынаўся баявы шлях партызанскага атрада пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. 

Падзеі, што адбываліся тут, увайшлі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як беспрэцэдэнтны факт: у тыле ворага дзейнічала партызанская зона, працавалі школы, друкарня, сотні вёсак жылі па савецкіх законах. Пра гэта Ларыса Волгіна ведае не толькі з падручнікаў гісторыі - прозвішча яе бацькі на абеліску. З Санкт-Пецярбурга прыязджае на малую радзіму і абавязкова прыходзіць да сціплага помніка ў Саснягаўскай пушчы. 

Дарэчы, помнік з прозвішчамі першых удзельнікаў партызанскага атрада Лабанка на паляне з’явіўся хутка пасля заканчэння вайны. Успамінаюць, што яго паставіў сам Герой Савецкага Саюза. З часам знак разбураўся. У год юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў грошы на новы абеліск сабралі прафсаюзы. Але на гэтым працы на партызанскай паляне не скончацца.

Уявіць, у якіх умовах жылі і змагаліся партызаны, можна па гэтых зямлянках. На месцы былой партызанскай базы іх пакуль дзве, але ў планах разбіць сапраўды лагер, дзе ля партызанскага кастра змогуць бавіць час юныя патрыёты. 

Дарэчы, партызанскую паляну некалькі гадоў таму моладзь абрала ў якасці пляцоўкі для конкурсу ваеннай песні. Спаборніцтва адкрытае. Прыязджаюць вакалісты з суседніх раёнаў. Кажуць, у гэтых дэкарацыях патрыятычныя балады гучаць больш пранікліва. 

 Штогод колькасць прыхільнікаў конкурсу павялічваецца. Партызанская паляна і праз 75 гадоў аб’ядноўвае людзей, якія ганарацца Радзімай.