Выставай аднаго прадмета і перформансам у паўночным рэгіёне краіны пачалі адзначаць 100-годдзе Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Яго стварыў Марк Шагал. У якасці выкладчыкаў у Віцебск майстар запрашаў вядомых мастакоў і скульптараў. Зараз у двухпавярховым будынку на вуліцы Шагала знаходзіцца музей. А дакладней - сучасны экспазіцыйны цэнтр. Гэты будынак прыцягвае мастакоў, прыхільнікаў авангарда і даследчыкаў.
Падрабязнасці ў Марыны Раманоўскай. Стагоддзе з дня заснавання Віцебскага народнага вучылішча ў горадзе мастакоў адзначаюць крэатыўна. У музеі - перформанс. Артысты Моладзевага тэатра запрашаюць гасцей здзейсніць падарожжа ў мінулае і ўбачыць, як пачыналася гісторыя першага на тэрыторыі сучаснай Беларусі прафесійнага мастацкага вучылішча. Пра яго ведаюць ва ўсім свеце. З адкрыццём вучылішча ажыццявілася запаветная мара Шагала: каб атрымаць мастацкую адукацыю, маладым людзям больш не трэба было пакідаць родны горад.
Малевіч, Лісіцкі, Пэн, Цільберг. Марк Шагал запрашаў у вучылішча вядомых мастакоў і скульптараў. Многія не толькі тут працавалі, але і жылі. Інтэр’ер таго часу ўдалося ўзнавіць максімальна дакладна: мэбля, шпалеры, паркет. Абстаноўка - як на фотакартках пачатку ХХ стагоддзя.
Увага наведвальнікаў – да юбілейнай выставы. У экспазіцыі ўсяго адзін прадмет. Менавіта гэты цыркуляр і пацвярджаў прызначэнне Марка Шагала ўпаўнаважаным калегіі па справах мастацтва Віцебскай губерні. Арыгінал - з фондаў архіва Віцебскай вобласці. Публіцы яго вырашылі прадэманстраваць менавіта ў знакавы юбілей.
Інфакіёскі, сэнсарныя экраны, мультымедыйныя даведнікі. У кожнай зале - свае інтэрактыўныя фішкі. Разумныя гаджэты расказваюць гісторыю вучылішча, а таксама знаёмяць з асобамі, лёс якіх быў звязаны з любімым горадам Шагала.
Вялікай каштоўнасцю мастацтвазнаўцы называюць сам будынак. Ён ацалеў нават у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі сам Віцебск быў амаль поўнасцю зруйнаваны. Сучасны музей на вуліцы Марка Шагала адкрыўся год таму. За гэты час яго наведвальнікамі сталі больш за дваццаць пяць тысяч чалавек з розных краін свету.













