У прытулку для бяздомных жывёл пад Рэчыцай прапісаліся два буслы

8 декабря 2018

Яшчэ птушанятамі яны выпалі з гнязда і атрымалі сур’ёзныя траўмы, таму паляцець у вырай не змаглі. Гаспадыня прыватнага прытулку падабрала, выхадзіла і дала ім новую сям’ю. Па суседстве з бусламі цяпер дзясятак катоў, якія носяць ім мышэй і мяняюць на кільку. За незвычайнай з’явай паназірала Ганна Кавалёва.

Замест пералёту і курортнага адпачынку ў Афрыцы - суровыя беларускія маразы. Гэтая пара буслоў яшчэ птушанятамі выпала з гнязда. Самец пашкодзіў крыло, якое прыйшлося ампутаваць. Самка пазбавілася вока. Неакрэплыя і параненыя паляцець у вырай не змаглі. Малых падабрала Святлана Ашэка. Цяпер яна іх новая сям'я. Спачатку, кажа, не ведала, як даглядаць - звярнулася да арнітолагаў. Яны ўжо падказалі і дадалі, што з такімі траўмамі нават пасля рэабілітацыі птушкі да выраю не даляцелі б.

Дарэчы, сярод гадаванцаў Святланы яшчэ каля сотні сабак і катоў. Калісьці жанчына заснавала ў гэтай вёсцы прытулак для параненых жывёл. З тых часоў дапамагае братам нашым меншым. З надыходам халадоў буслам выдзеліла куток у спецыяльным доміку з ацяпленнем. Па суседстве з імі жывуць каты. Тут гарачая печка і абед па раскладзе.

Чужых буслы блізка да сябе не падпускаюць. Але на адлегласці можна паспрабаваць іх пакарміць. Дарэчы, любімыя пачастункі – марожаная кілька і курыца.

Імёнаў у новых жыхароў пакуль няма. Святлана падумвае звярнуцца да інтэрнэт-карыстальнікаў і прапанаваць конкурс на самыя арыгінальныя мянушкі. Дарэчы, асноўная маса буслоў адлятае звычайна ў сярэдзіне жніўня. Застаюцца толькі з пазнейшых вывадкаў, альбо тыя, якія атрымалі траўмы, у тым ліку ад ліній электраперадачы. Згодна са статыстыкай, 40 % тых, хто адпраўляецца ў Афрыку, гіне. Тыя ж, хто застаецца ў Еўропе, у большасці выпадкаў выжываюць нават у зімовыя халады.

З'ява, калі буслы адрываюцца ад чарады і застаюцца зімаваць, для Беларусі не новая. У Гомельскай вобласці летась было зафіксавана 6 такіх выпадкаў. Сёлета толькі адзін - у Рэчыцкім раёне. Пры гэтым спецыялісты адзначаюць: шанцаў адаптавацца вясной да прыроднага асяроддзя ў такіх птушак будзе шмат. Вось і гэтая пара чакае вясну і ўжо практыкуецца ў будаўніцтве ўласнага гнязда.