Сёлета аграпрамысловы комплекс Віцебшчыны папоўніўся 120 дыпламаванымі работнікамі

2 ноября 2019

Першая працоўная восень. Для маладых спецыялістаў, якія пасля заканчэння навучальных устаноў прыйшлі на першае працоўнае месца, зараз самы адказны час. Трэба зарэкамендаваць сябе і хутчэй набрацца вопыту. Сёлета аграпрамысловы комплекс Віцебшчыны папоўніўся 120 дыпламаванымі работнікамі. Ім даюць жыллё і матэрыяльную дапамогу. Галоўная задача - зацікавіць і затрымаць моладзь на вёсцы. Пра планы на будучыню ў маладых спецыялістаў запыталася Вольга Маслоўская.

Выдатніца вучобы Яўгенія Капітонава год як ветэрынарны ўрач у сельгаспрадпрыемстве "Паўночны". Наперакор бацькоўскім марам пра медыцынскі ўніверсітэт гарадская дзяўчына зрабіла свядомы выбар на карысць прафесіі ветэрынара. Любоў да жывёл і дзіцячыя ўспаміны пра лета ў вёсцы ў бабулі прывялі выпускніцу школы ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Размеркавання не баялася. Галоўнае - займацца любімай справай.

Сёлета ў аграпрамысловы комплекс Віцебшчыны на работу прыйшлі 120 маладых спецыялістаў. Але статыстыка несуцяшальная: толькі палова выпускнікоў застаецца ў гаспадарках пасля таго, як скончыцца тэрмін абавязковай адпрацоўкі. Як вынік - дэфіцыт кадраў.

Каб зацікавіць моладзь, у рэгіёне створана сістэма заахвочвання. Так, маладыя спецыялісты на працягу двух гадоў штомесяц атрымліваюць даплату, сямейным даюць жыллё. Маладому ветурачу Валерыі Сівалкінай выплацілі пад’ёмныя грошы на пераезд з Полацка. Яна працуе ў сельгаспрадпрыемстве "Альгоўскае". Была тут падчас вучэбнай практыкі, зарэкамендавала сябе, пакінулі на працу.

Сёлета ў сельгаспрадпрыемства "Альгоўскае" на першае працоўнае месца прыйшлі адразу дзесяць выпускнікоў: сем занятыя механізацыяй, тры чалавекі - жывёлагадоўляй. Гаспадарка адна з найбуйнейшых у Віцебскім раёне: тут утрымліваюць амаль 5 тысяч кароў.

Улік пагалоўя, кантроль за надоямі і сартаванне статка  гэта штодзённы клопат заатэхніка Марыны Барашковай. Яе працоўны дзень на комплексе "Падбярэззе" пачынаецца а восьмай гадзіне раніцы. А падчас кантрольных надояў уставаць даводзіцца ў тры гадзіны ночы, каб да чатырох паспець на комплекс. Але на ўмовы працы малады спецыяліст не скардзіцца.

Веды ў навічкоў ёсць, вопыту набіраюцца хутка - кажуць у гаспадарцы. Галоўнае - каб засталіся.